прыду́мшчыца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да прыдумшчык.
прыду́рак, ‑рка, м.
Разм. Дурнаваты, бесталковы або з дзівацтвамі чалавек. Пад вонкавай наіўнасцю афіцэр так і не разгадаў хітрасці, палічыў мяне за прыдурка і не аддаў паліцыянту. Карпюк. Пакідалі п’янчугі ці прыдуркі Газет абрыўкі, шкло, шматкі праграм. Панчанка.
прыду́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Дурэць, весці сябе несур’ёзна.
2. Прыкідвацца дурнем, прыдуркам; прытварацца. [Хмара:] — Слухай, Крамнёў, ты гэта сур’ёзна ці прыдурваешся? Шашкоў.
прыдуркава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыдуркаватага.
прыдуркава́ты, ‑ая, ‑ае.
Дурнаваты, бесталковы. Гэта быў бедны местачковы дзяцюк гадоў за дваццаць, бязвусы, безбароды, трохі заіка, трохі гультай і трохі прыдуркаваты. Колас. На тварах бандытаў з’явіліся ўхмылкі. Яны, відаць, паверылі, што перад імі сапраўды прыдуркаваты хлопец. Хомчанка. // Уласцівы прыдурку. Спакойны, ураўнаважаны, з застыглай прыдуркаватай усмешкай на няскладным твары, .. [Алёшка] ішоў да каменданта і думаў, па якой гэта патрэбе яго паклікалі да начальства. Лынькоў.
прыду́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыдушыць.
2. у знач. прым. Прыглушаны, здаўлены (пра голас, гукі і пад.). З захаду даносіўся прыдушаны грукат, мільгала бліскавіца. Маўр. Над Бугам мёртвая цішыня, толькі там, пад лазнякамі, чуюцца прыдушаныя ўсплёскі вады. Лынькоў.
прыду́швацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прыдушваць.
прыду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыдушыць.
прыдушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак.
1. каго. Пазбавіўшы магчымасці дыхаць, выклікаць чыю‑н. смерць; задушыць. Уначы [Вуйскі] прыдушыў .. фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Шамякін. Браток абяцаў памагчы сваёй далёкай сваячцы, а як сцямнела, заманіў на выган і прыдушыў яе. Асіпенка.
2. каго. Прыціснуўшы, забіць каго‑н. або нанесці траўму, пашкоджанне каму‑н. Урэшце ўсё гэта надакучыла ільву, і ён прыдушыў дзіцянё сваёй цяжкай лапай. Маўр. Некалькі з іх [бярвёнаў] абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Мележ. / у безас. ужыв. — Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык. — Прыдушыла! Ратуйце! Лупсякоў. // Прыціснуўшы, сціснуўшы, задушыць (насякомае). На потную нагу сеў авадзень. Пані халатам прыдушыла яго. Бажко.
3. перан.; каго. Давесці да стану прыгнечанасці; падзейнічаць прыгнятальна. Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла .. [Рыбака]. Быкаў.
4. перан.; што. Не даць магчымасці праявіцца, развіцца (з’яве, пачуццю, адчуванню і пад.). Прыдушыць смех. □ У мяне і ў самога слёзы падпіралі пад самае горла, але я іх прыдушыў у сабе і сказаў як мага спакайней: — Не трэба, мама, плакаць. Сабаленка. Неўтаймоўную дзіцячую фантазію [Генькі] не прыдушыла жалезная пята вайны. Паслядовіч.
прыды́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Прыйсці куды‑н. з цяжкасцю (звычайна пра старога, кульгавага і пад. чалавека). Нарэшце, прыдыбаў з другога канца Куранёў кульгавы Сямён з Насцяй. Мележ. Назаўтра ў бляхарню прыдыбаў стары дзядок. Мурашка.