прыдушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак.
1. каго. Пазбавіўшы магчымасці дыхаць, выклікаць чыю‑н. смерць; задушыць. Уначы [Вуйскі] прыдушыў .. фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Шамякін. Браток абяцаў памагчы сваёй далёкай сваячцы, а як сцямнела, заманіў на выган і прыдушыў яе. Асіпенка.
2. каго. Прыціснуўшы, забіць каго‑н. або нанесці траўму, пашкоджанне каму‑н. Урэшце ўсё гэта надакучыла ільву, і ён прыдушыў дзіцянё сваёй цяжкай лапай. Маўр. Некалькі з іх [бярвёнаў] абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Мележ. / у безас. ужыв. — Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык. — Прыдушыла! Ратуйце! Лупсякоў. // Прыціснуўшы, сціснуўшы, задушыць (насякомае). На потную нагу сеў авадзень. Пані халатам прыдушыла яго. Бажко.
3. перан.; каго. Давесці да стану прыгнечанасці; падзейнічаць прыгнятальна. Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла .. [Рыбака]. Быкаў.
4. перан.; што. Не даць магчымасці праявіцца, развіцца (з’яве, пачуццю, адчуванню і пад.). Прыдушыць смех. □ У мяне і ў самога слёзы падпіралі пад самае горла, але я іх прыдушыў у сабе і сказаў як мага спакайней: — Не трэба, мама, плакаць. Сабаленка. Неўтаймоўную дзіцячую фантазію [Генькі] не прыдушыла жалезная пята вайны. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)