Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыдыха́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які вымаўляецца з прыдыханнем (пра зычныя гукі). Прыдыхальны гук г.

прыдыха́нне, ‑я, н.

1. Гук, які ўтвараецца пры выдыху ў вымаўленні, спевах і пад. Гаварыць з прыдыханнем.

2. Спец. Гартанны гук, які ўтвараецца пры дапамозе трэння струменю паветра аб краі збліжаных, але ненапружаных галасавых звязак.

прые́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыязджаць — прыехаць.

2. Знаходжанне прыезджага дзе‑н. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў .. [Лабановіч] тут першыя дні свайго прыезду. Колас. Хлопчык памятае, як яшчэ ў час яго першага прыезду каля кар’ераў — шырокіх ям, напоўненых вадой, — высіліся акуратна складзеныя штабялі тарфяных цаглін. Даніленка. І ўспомнілася .. [Багдановічу], як у папярэдні прыезд, — тады ён быў дужы, — пайшлі яны з Купалам у поле. Мікуліч.

прые́зджы, ‑ая, ‑ае.

Які прыехаў, прыбыў адкуль‑н. Вылі тут і штацкія гарадскія людзі, і прыезджыя сяляне, і вайскоўцы. Галавач. Частка прыезджых спецыялістаў толькі што ўсялілася ў новыя дамы. Кулакоўскі. // у знач. наз. прые́зджы, ‑ага, м.; прые́зджая, ‑ай, ж. Той (тая), хто прыехаў адкуль‑н. — Дайце ваш чамадан, я занясу яго ў пакой для прыезджых. Колас. — Хто гэта? — механічна спытаўся Багуцкі ў суседа.. — Прыезджы... З Берліна... Лічыцца спецам па службе пуці... Лынькоў.

прые́мна,

1. Прысл. да прыемны.

2. безас. у знач. вык. Прыносіць задавальненне, радасць. Дзяўчынцы прыемна ўсё, — і што сонейка свеціць, і што навокал лес. Брыль. [Лабановічу] было прыемна, нейкая радасць разлівалася ў крыві. Колас. Прыемна вяртацца на старое месца, дзе пражыта нямала гадоў, дзе добра знаёмы і кожны чалавек, і кожная сцежка. Шахавец.

прые́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыемнага. Прыйшоўшы назаўтра з работы, .. [кравец] гадзіны дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. Чорны.

2. Пачуццё радасці, задавальнення ад чаго‑н. прыемнага. Там, на лузе, .. [Пятро] адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена. Шамякін. Міход паліваў пану каменданту над цэбрам, а той аж фыркаў ад прыемнасці. Сабаленка. [Гаспадары] з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Чорны.

3. Што‑н. прыемнае; тое, што прыносіць радасць, задавальненне. Зрабіць прыемнасць. □ [Вера:] — А што, непрыемнасці ў вас? — [Клопікаў:] — Ах, божа, божа! Якія ж могуць быць прыемнасцю ў нас пры нашай службе? Лынькоў.

прые́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.

2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.

прые́сціся, прыесца; прыядуцца; зак.

Разм. Надакучыць ад частага ўжывання, аднастайнасці (пра ежу). Праўда, потым яда трохі прыелася, што ўсё адно і адно з дня ў дзень. Гарэцкі. — Доктар казаў, каб без снедання не пускалі. — Не хачу. Прыеўся мне ваш кісель ды чай. Чарнышэвіч. // перан. Страціць цікавасць, прываблівасць для каго‑н. Горад мне ўжо так прыеўся, што я нават пазнаваў у твар многіх гараджан. Карпюк. — Там жа [у канцэрце] няма ні рэдактарскай, ні рэжысёрскай выдумкі. Штамп. Самы прымітыўны, які ўжо даўно прыеўся і нам і тэлегледачам. Гаўрылкін. З лініямі не спяшаўся — лічыў нескладанай работай, якая ў момант прыесца. Барадулін.

прые́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

Перамяшчаючыся на чым‑н., апынуцца ў якім‑н. месцы, прыбыць куды‑н. Загорская сямігодка была распушчана на два тыдні зімовых вакацый. Прыехала Аленка дадому. Колас. Развітацца з дзедам прыехаў камандзір атрада. Лынькоў.

прыём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).

2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.

3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.

4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.

5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.

6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.