Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

праўдалю́бец, ‑бца, м.

Тое, што і праўдалюб. Паэт-праўдалюбец і не можа ўтаіць ад сучасніка, што свет пакуль бачыцца «пры святле маланак» (назва апошняй кнігі Панчанкі). Лужанін.

праўдалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць праўду; праўдзівы. Праўдалюбівы чалавек.

праўдалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і праўдалюбівы. Купалаўская шырыня ў разуменні праўды, страснасць у яе сцвярджэння, рабілі [зборнік] «Шляхам жыцця» адным з найбольш праўдалюбных зборнікаў. Лойка.

праўдалю́бства, ‑а, н.

Любоў да праўды, ісціны. Старому рыбаку ўласціва абсалютнае праўдалюбства, шчырасць і смеласць.

праўдападабе́нства, ‑а, н.

Тое, што і праўдападобнасць.

праўдападо́бнасць, ‑і, ж.

Падобнасць на праўду. У апавяданні «Вяселле» жыццёвая праўда ёсць, ёсць і пэўная праўдападобнасць сітуацый. Кучар.

праўдападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на праўду. Інфармацыі [Міколы] былі самымі праўдападобнымі, а часам і самымі праўдзівымі, хоць ніхто не ведаў, адкуль ён іх атрымліваў. Машара.

праўдашука́льнік, ‑а, м.

Той, хто дамагаецца праўды, справядлівасці. Аксён Каль — праўдашукальнік, які ўсёй істотай ненавідзіць паноў і чыноўнікаў. Казека.

праўдзі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць праўдзівага; схільнасць гаварыць, выказваць праўду. З глыбокай праўдзівасцю малюе Янка Купала перспектыву беспрасветнага жыцця працоўнага чалавека пры капіталізме. Івашын. Праўдзівасць чалавечага характару ў рэалістычным мастацтве дапаўняецца і праўдзівай характарыстыкай грамадскага жыцця. Конан.

праўдзі́вей,

1. Выш. ст. да прым. праўдзівы.

2. у знач. пабочн. Дакладней, правільней. — Ведаю я, што ты страціў, праўдзівей, каго страціў: Ядвісю, — пажартаваў Турсевіч, уважна зірнуўшы на прыяцеля. Колас.