Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пратэкцыяні́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пратэкцыянізму (у 1 знач.), да пратэкцыяніста. Пратэкцыянісцкая палітыка.

пратэлеграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што і без дап.

Перадаць, паведаміць па тэлеграфе.

пратэлефані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што і без дап.

Перадаць, паведаміць па тэлефоне.

пратэрмінава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пратэрмінаваць.

2. у знач. прым. На які сышоў тэрмін. Пратэрмінаваны пашпарт.

пратэрмінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Прапусціць устаноўлены тэрмін чаго‑н. Пратэрмінаваць пасведчанне. Пратэрмінаваць дзень ад’езду.

пратэрміно́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пратэрміноўваць.

пратэрміно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пратэрмінаваць.

пратэрміно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пратэрміноўваць — пратэрмінаваць.

пратэ́са, ‑ы, ж.

Тое, што і харугва. Паперадзе мужчыны неслі тры пратэсы, за імі следам ішоў поп у пазалочанай рызе. Сабаленка.

пратэ́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рашучае пярэчанне супраць чаго‑н., заява аб нязгодзе з чым‑н., аб нежаданні чаго‑н. Сваім удзелам у жалобным шэсці людзі дэманстравалі пратэст супраць паліцэйскага гвалту. У. Калеснік. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Слухаючы разважанні старога Скуратовіча, Кандрат Назарэўскі не можа скрыць свайго абурэння і пратэсту. Барсток.

2. Афіцыйнае выказванне нязгоды з якім‑н. рашэннем, пастановай. Пратэст пракурора. // Спец. Афіцыйнае пацвярджэнне факта нявыплаты ў тэрмін па вэксалі, якое дае трымальніку апратэставанага вэксаля перавагі пры сыскванні доўгу. // Спец. Афіцыйная заява капітана марскога судна, якая пратакаліруе факт аварый судна або псавання грузу. Марскі пратэст.

[Ад лац. protestor — публічна даказваю.]