Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. павёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.

1. Пачаць везці, перамяшчаць транспартам куды‑н. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозы, І павёз, і павёз За возікам возік. Купала. І павёз цягнік сына ў Маскву, а бацьку — рухавы малады конік у [калгас] «Перамогу». Васілевіч.

2. Узяўшы з сабой каго‑, што‑н., паехаць, каб адвезці, даставіць куды‑н. Цераз суткі.. [жанчыну] паклалі ў труну і павезлі на могілкі. Чорны. Адразу ў ноч паскакалі коннікі, павезлі дарагія дакументы, заклікі арганізоўваць камітэты беднаты. Лужанін.

3. безас. Тое, што і пашанцаваць. Ну, што ж?.. Відаць, не павязло. Няхай! Не першы раз... Броўка. ...Гэты раз бедаку павязло: У час удалося Панасу памерці. Танк.

паве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Веяць злёгку, час ад часу. Моцна парыла, а потым Стаў павейваць вецярок. Колас.

паве́к, прысл.

На доўгія гады, назаўсёды, навек. Трывог дакучлівыя цені Павек не прыйдуць больш назад. Астрэйка.

паве́ка, ‑а, н.

Рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока. Апусціць павекі. □ Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Колас.

павеліча́льнік, ‑а, м.

У фатаграфіі, кіно і пад. — апарат для павелічэння здымка пры капіраванні.

павеліча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для павелічэння таго, што разглядаецца. Павелічальнае шкло. Павелічальныя лінзы.

2. У граматыцы — звязаны з утварэннем назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць большую велічыню прадмета або большую ступень якасці. Павелічальныя суфіксы.

павелічэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. павялічыць, павялічыцца.

2. Вынік такога дзеяння; велічыня, колькасць, на якія што‑н. павялічана. Павелічэнне зарплаты.

паве́раны, ‑ага, м.

Асоба, якая мае права дзейнічаць ад імя якой‑н. асобы або ўстановы ў афіцыйным парадку. Прыватны павераны.

•••

Павераны ў справах — дыпламатычны прадстаўнік, ніжэйшы на ранг за пасла, пасланніка.

Прысяжны павераны — афіцыйная назва адваката ў Расіі да рэвалюцыі.

паве́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паверкі, служыць для паверкі. Паверачная лінейка.

паве́р’е, ‑я, н.

Паданне, якое заснавана на забабонах. Народныя павер’і.