Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прале́жаць,

гл. праляжаць.

прале́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пралежаць, праляжаць.

прале́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

1. Пранікнуць куды‑н. праз які‑н. вузкі праход, адтуліну, шчыліну. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. Лынькоў. На .. губах [мужчыны] бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Колас. // Разм. З цяжкасцямі прабрацца праз што‑н. Снегу намяло столькі, што цяжка пралезці. Жычка.

2. перан. Разм. Прабрацца, трапіць куды‑н., злоўжываючы чыім‑н. давер’ем. Магчыма, у арганізацыю пралезлі людзі, звязаныя з нямецкімі карнікамі. Няхай. // Прыстасаваўшыся і хітруючы, дабіцца выгаднага сацыяльнага становішча, незаконна прасунуцца па службе і інш. І падхалімскае майстэрства яго вяло. Пасля вайны вярнуўся, у Мінск і ў міністэрстве пралез у важныя чыны. Панчанка.

3. Улезці, прасунуцца. Прыадчынены дзверы крыху — Абы толькі пралезла міска. Вязень бачыць чужую руку — Валасатую, пульхную — зблізку. Сіпакоў.

пралепята́ць, ‑лепячу, ‑ляпечаш, ‑ляпеча; зак., што і без дап.

Сказаць што‑н. ціха або неразборліва, невыразна. — Д-дзядзька Сцяпан, — заікаючыся, увесь пабялелы, пралепятаў Косцік. Ляўданскі.

прале́ска, ‑і, ДМ ‑лесцы; Р мн. ‑сак; ж.

Травяністая расліна сямейства казяльцовых з сіне-фіялетавымі кветкамі, якія зацвітаюць адразу пасля раставання снегу. Вясна прыходзіць, у бары Пралескі скрозь цвітуць. Непачаловіч. Красавік — Гэта першыя краскі вясны. Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак.

пралета́р, ‑а, м.

Уст. Тое, што і пралетарый. [Леўка] выхваляўся, што ён былы пралетар, шахцёр. Сабаленка.

пралета́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да пралетарый (у 1 знач.).

пралета́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пралетарыя, пралетарыяў. Пралетарская рэвалюцыя. Пралетарская партыя. Пралетарская ўлада. □ Справа адбываецца так, што грамадзянская вайна пачалася як спроба сутычкі з імперыялізмам, якая даказала, што імперыялізм згніў абсалютна і што ўзнімаюцца пралетарскія элементы ўнутры кожнай арміі. Ленін. // Уласцівы пралетарыю, пралетарыяту. Пралетарская культура. □ Уласны домік, гарод, садок, дзеці адарвалі яе ад рабочай сям’і. Але ж павінен быў застацца ў жанчыны рабочы, пралетарскі гонар. Асіпенка.

пралетарызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пралетарызаваць і пралетарызавацца.

пралетарызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пралетарызаваць.