пралётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Лёгкі адкрыты двухмесны экіпаж. На лёгкай пралётцы аканом ціхенька правёз пана графа па лясных дарогах. Лобан. Хуткай рыссю насустрач хлопцам кацілася пралётка. Новікаў.
пралётны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца ў час сезоннага пралёту (пра птушак). Пралётная птушка.
2. Уст. паэт. Які хутка праходзіць, праносіцца; мімалётны. Пралётная думка.
пралётны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пралёта 2 (у 1 знач.); з пралётамі. Пралётная частка моста.
праліва́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да праліцца.
2. Зал. да праліваць.
•••
Праліваецца кроў чыя, якая гл. кроў.
праліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да праліць.
•••
Праліваць кроў — тое, што і ліць кроў (гл. ліць).
пралі́к, ‑у, м.
Памылка, промах, няўдача. Каму, як не .. [Чорнаму] былі добра відны шматлікія пралікі і прамашкі няспелых твораў нявопытных пачынаючых. Мележ. Кожны член партыі павінен умець крытычна ацэньваць зробленае, бачыць не толькі поспех, але і пралік, нявыкарыстаны рэзерв, каб заўтра ўлічыць упушчэнне і дасягнуць новай перамогі. «Звязда».
праліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Разм. Ліпець некаторы час. Першае, што мільганула ў галаве, як Сяргей ступіў па свой панадворак, было: «Хата як асела! Доўга не праліпіць». Кухараў.
пралі́ў, ‑ліва, м.
Вузкая паласа вады, якая злучае два водныя басейны ці дзве часткі воднага басейна. Керчанскі праліў. □ На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра. В. Вольскі.
праліўны́, ‑ая, ‑ое.
Вельмі моцны, вялікі (пра дождж). Дзве гадзіны цягнулася навальніца, дзве гадзіны ішоў праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Маўр. Наскрозь прамоклі шынялі Пад праліўным дажджом. Астрэйка.
пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
праліццё, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. праліць і праліцца (у 1 знач.).