пралетарызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) пралетарыем.
2. толькі незак. Зал. да пралетарызаваць.
пралетарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго.
Ператварыць (ператвараць) у пралетарыяў.
пралетарыза́цыя, ‑і, ж.
Непазбежнае ва ўмовах капіталізму разарэнне і збядненне дробных таваравытворцаў (сялян, саматужнікаў і інш.) і ператварэнне іх у пралетарыяў.
пралета́рый, ‑я, м.
1. Наёмны рабочы ў капіталістычным грамадстве, пазбаўлены сродкаў вытворчасці. Герой Купалы — беззямельны селянін, батрак, вясковы пралетарый — не мае сваёй уласнасці. Івашын.
2. Гіст. У Старажытным Рыме — грамадзянін, які належаў да саслоўя незаможных.
[Лац. proletarius.]
пралетарыя́т, ‑у, М ‑рыяце, м.
У капіталістычным грамадстве — клас наёмных рабочых, які эксплуатуецца капіталістамі і пазбаўлены сродкаў вытворчасці. [Сцёпка:] — Я цяпер ведаю ролю пралетарыяту ў рэвалюцыі і яе ролю ў тым, каб завесці новыя парадкі і новае жыццё. Колас.
•••
Дыктатура пралетарыяту гл. дыктатура.
пралетку́льт, ‑а, М ‑кульце, м.
Літаратурна-мастацкая і культурна-асветная арганізацыя 1917–1932 гг., якая праводзіла заганныя ідэі ўтварэння пралетарскай культуры «лабараторным» шляхам.
пралетку́льтавец, ‑таўца, м.
Член пралеткульта, прыхільнік пралеткульта.
пралетку́льтаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пралеткульта. Пралеткультаўскія пазіцыі.
пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць 1 — праляцець (у 1 знач.).
2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».
пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.
1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.
2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.
пралётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Тое, што і пралятаць. Пралётаць месяц у космасе. Пралётаць цэлы дзень на вуліцы.