Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

паведамле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паведамляць — паведаміць.

2. Тое, аб чым паведамляюць. Важнае паведамленне. □ Паведамленне бацькі моцна ўразіла Міхася. Чарнышэвіч. // толькі мн. (паведамле́нні, ‑яў). Звесткі, якія перадаюцца, паведамляюцца. Апошнія паведамленні. Паведамленні бюро надвор’я. □ Увечары часта разам заседжваліся [сябры] каля рэпрадуктара, трывожна слухалі паведамленні з фронту... Мележ. // Невялікі даклад, інфармацыя. Навуковае паведамленне. Зрабіць паведамленне на канферэнцыі.

3. Дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб чым‑н. Паведамленне на пасылку. □ Наташа дастала паведамленне, знайшла патрэбнае слова «залічана». Асіпенка.

паве́дамлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паведаміць.

паведамля́льнік, ‑а, м.

Кніжн. Той, хто даводзіць да ведама ці дае якія‑н. звесткі.

паведамля́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да паведамляльнік.

паведамля́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае ў сабе паведамленне (у 2 знач.).

паведамля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да паведамляць.

паведамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да паведаміць.

паве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, пра што, аб чым.

Тое, што і расказаць. Каму ж паведаць свае болі? Колас. Ходзіць садам садоўнік Шчаслівы між дрэў. А яны ў каралях вясны Нахіляюць прыгожыя шыі Да садоўніцкіх рук, Быццам хочуць паведаць пра што. Броўка.

паве́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад павезці.