Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

плазава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае гладкую паверхню, не пукаты і не ўвагнуты; які з’яўляецца плоскасцю, роўны, гладкі.

пла́зам, прысл.

Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.

•••

Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.

пла́зма, ‑ы, ж.

1. Спец. Вадкая частка крыві.

2. Уст. Пратаплазма.

3. Цёмна-зялёны халцэдон.

4. Спец. Стан рэчыва, у які яно пераходзіць, пачынаючы з тэмператур у некалькі тысяч градусаў.

[Грэч. plasma — утварэнне.]

плазматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да плазмы (у 1 знач.); які з’яўляецца плазмай.

пла́зменны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да плазмы (у 4 знач.). Плазменны стан.

2. Заснаваны на выкарыстанні плазмы. Плазменная металургія. Плазменная ўстаноўка.

плазмо́дый, ‑ю, м.

Спец. Прасцейшы арганізм, які паразітуе ў крыві і з’яўляецца ўзбуджальнікам малярыі. Малярыйны плазмодый.

[Лац. plasmodium.]

пла́кальшчык, ‑а, м.

1. Уст. У старадаўнім пахавальным абрадзе — мужчына, якога наймалі плакаць па пакойніку.

2. Разм. Той, хто пастаянна плача, скардзіцца на свой лёс.

пла́кальшчыца, ‑ы, ж.

Уст., разм. Жан. да плакальшчык.

плака́т, ‑а, М ‑каце, м.

1. Каляровы насценны малюнак з кароткім агітацыйным тэкстам; від выяўленчага мастацтва. Да нарады раённая газета выдала плакат, на якім былі паказаны поспехі ўсіх калгасаў і лепшых даярак. Шчарбатаў. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас. Досыць часта кампазіцыя плакатаў будавалася на кантрасце: станоўчым вобразам чырвонаармейцаў, салдат супрацьпастаўляліся адмоўныя вобразы ворагаў рэвалюцыі. Шматаў. // Напісаная або надрукаваная аб’ява аб чым‑н. На грудзях у яго [Ружэ] вісеў кароткі, выразны плакат-пытанне: «Ці падпісаліся вы пад Адозвай міру?» Шамякін.

2. Гіст. Пашпарт, які выдаваўся сялянам і мяшчанам у дарэвалюцыйнай Расіі.

[Ад лац. placatum — пасведчанне.]

плака́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плаката (у 1 знач.). Плакатнае пяро. Плакатнае мастацтва.