Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

плака́тчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і плакатыст.

плакаты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, спецыяліст па плакатах (у 1 знач.).

пла́кацца, плачацца; безас. незак.

Пра настрой, жаданне плакаць. Хацелася заплакаць, каб сляз[а]мі выліць гора, але не плакалася. Шамякін.

пла́каць, плачу, плачаш, плача; незак.

1. Праліваць слёзы ад болю, гора і пад. [Зося] ўвайшла ў хату з цвёрдаю думкаю.. больш ніколі не плакаць ад крыўды. Чорны. // Бедаваць, шкадаваць, тужыць. [Фрэйда:] — Дарагі брат, дарэмна ты плачаш пра маё адзіноцтва. Наш калгас цяпер адна вялікая сям’я. Бядуля.

2. перан. Усхліпваць, завываць, скуголіць (пра вецер, буру і пад.). Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Навуменка. Навальніца плача стомлена, сціхнуць, змоўкнуць галасы. Дубоўка.

3. перан. Разм. Пакрывацца кроплямі вільгаці, пацець (пра шкло). Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.

•••

Асіна плача па кім гл. асіна.

Вяроўка плача па кім гл. вяроўка.

Плакаць наўзрыд — плакаць усхліпваючы, сутаргава (пераважна моцна, уголас).

плаке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спец.

1. Твор медальернага мастацтва, медаль прамавугольнай (ці блізкай да прамавугольнай) формы.

2. Пласцінка з рэльефным адбіткам, якая ўжываецца для ўпрыгожання мэблі.

[Ад фр. plaquette.]

плакірава́льня, ‑і, ж.

Спец. Плакіровачная майстэрня.

плакірава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плакіраваць.

плакірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад плакіраваць.

плакірава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да плакіраваць.

плакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Пакрыць (пакрываць) якую‑н. металічную паверхню тонкім слоем іншага металу, устойлівага супраць карозіі, больш прыгожага і пад. // Абліцаваць (абліцоўваць) вырабы з простага дрэва тонкай фанерай з каштоўных народ дрэва.

2. Абкласці (абкладваць) дзёрнам земляныя насыпы, адкосы, каб засцерагчы іх ад размывання вадой.

[Ад фр. plaquer — накладваць, пакрываць.]