Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

плаку́н-трава́, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая расліна, від чальчака, якая выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.

плаку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія, звешаныя ўніз галіны (пра некаторыя дрэвы і кусты). Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад. Купала. Чучаны былі аддзелены ад Сёмкава Гарадка поплавам, праз які перакінута грэбля, абсаджаная плакучымі вербамі. Новікаў. // Які звісае ўніз, апушчаны ўніз (пра галіны такіх дрэў). Мне раптам уяўляецца, што ўсе гэтыя бярозы сталі ў паўабхвата таўшчынёю, голле на іх густое, плакучае... Кулакоўскі.

2. Уст. Тое, што і плаксівы. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Гартны.

пламбава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пламбаваць.

пламбава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пламбаваць.

пламбава́цца, ‑буецца; незак.

Зал. да пламбаваць.

пламбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., што.

1. Запячатваць што‑н. пломбай (у 1 знач.). Калі пачалі пламбаваць вагоны, на платформе з’явіўся Кузьма Трахімавіч. Корбан.

2. Класці пломбу (у зуб). Пламбаваць зубы.

пламбі́р ​1, ‑у, м.

Высокагатунковае марожанае з арэхамі, ягадамі, шакаладам і пад. Толькі аднаго пламбіру на халадзільніку робяць пяць гатункаў. «Беларусь».

[Ад геагр. назвы.]

пламбі́р ​2, ‑а, м.

Прыстасаванне для накладвання пломбы (у 1 знач.).

пламбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пламбаваць.

пламбо́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца накладваннем пломб (у 1 знач.).

пламбо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пламбоўшчык.