Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пла́віць, плаўлю, плавіш, плавіць; незак., што.

Ператвараць цвёрдае цела ў вадкае шляхам награвання. Хочаш, плаў руду — чакаюць домны, Хочаш — ураджайнасць уздымай! Броўка. Вясна звінела ў парках раўчукамі, Шчапала лёд і плавіла снягі. Калачынскі. // Атрымліваць метал у выніку такога працэсу.

плаво́к, плаўка, м.

Тое, што і паплавок. Сядзіць дзед Агей без шапкі. Не мігаючы глядзіць на плавок, на галачку хлеба, што гойдаецца на кручку ля самага дна. Крапіва.

плагія́т, ‑у, М ‑яце, м.

Выдача чужога твора за свой або выкарыстанне ў сваёй працы чужога твора без спасылкі на аўтара.

[Ад лац. plagiatus — выкрадзены.]

плагія́тар, ‑а, м.

Асоба, якая займалася ці займаецца плагіятам.

плагія́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плагіятара, плагіятарства.

плагія́тарства, ‑а, н.

Занятак плагіятара.

пладаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пладавітага.

пладаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае многа пладоў (у 1 знач.). Каб была пладавітай зямля, Каб гарэлі зарніцы над краем, Каб радзіма мая расцвіла Багацейшым у свеце ўраджаем, Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле. Астрэйка. // Які хутка размнажаецца, нараджае вялікае патомства. Трусы вельмі пладавітыя.

2. перан. Які напісаў многа мастацкіх ці навуковых твораў. Прынамсі, у галіне, у якой ён [Шчакаціхін] працаваў, Беларусь таго часу не мела больш пладавітага і больш самаадданага працаўніка. Ліс.

пладаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па пладаводству.

пладаво́дства, ‑а, н.

Галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем і вырошчваннем пладовых і ягадных раслін.