Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

піяне́рыя, ‑і, ж., зб.

Піянеры (гл. піянер у 4 знач.). — Хто гэта даглядае так магілу? — спытаў Лыкоўскі. — Піянерыя наша, — адказаў дзед Нічыпар. Васілёнак.

піяні́на, нескл., н.

Від фартэпіяна, які мае форму высокай плоскай скрыні з вертыкальна нацягнутымі струнамі, з выступаючай наперадзе часткай, дзе размешчана клавіятура. Павел сеў за піяніна. Прабег пальцамі па клавішах. Мелодыя паплыла па пакоі. Шыцік.

[Іт. pianino.]

піяні́сіма,

Спец.

1. прысл. Вельмі ціха, цішэй, чым піяна.

2. нескл., н. Месца ў музычным творы, якое выконваецца вельмі ціха, а таксама само такое выкананне.

[Іт. pianissimo.]

піяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на фартэпіяна. Яго [Джорджэ Энеску] нястомная канцэртная дзейнасць дырыжора, скрыпача і нярэдка піяніста рана прынесла яму сусветную вядомасць. «Беларусь». Выступалі піяніст, скрыпач, спяваў хор. Мядзёлка.

піяні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да піяніст.

піяно́ла, ‑ы, ж.

Пнеўма-механічны інструмент для ігры на піяніна без піяніста, а таксама раяль, піяніна з такім інструментам.

[Англ. pianola.]

пія́стр, ‑а, м.

1. Дробная грашовая адзінка і манета ў Турцыі, Егіпце, Сірыі і некаторых іншых краінах.

2. Старажытная грашовая адзінка рознай вартасці ў Іспаніі, Партугаліі і лаціна-амерыканскіх краінах.

[Іт. piastra.]

пла́вальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плавання. // Які служыць для плавання, прызначаны для плавання. Плавальны басейн.

пла́ванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. плаваць (у 1, 3, 4 знач.). // Падарожжа на судне; рэйс. Прывёз з далёкага плавання і завёў тут гэтую гульню стары матрос Міхей Парфёнавіч, заядлы ў мінулым спартсмен. Дуброўскі.

пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.