плаваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.
2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.
3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.
4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. ▪ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.
•••
Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.
Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)