Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпе́гаўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да шпега, належыць шпегу; такі, як у шпега. Гаспадыня злаўмысна прачыніла дзверы, і ў вузкай шчыліне блішчаў агеньчык яе шпегаўскіх вачэй. Гартны.

шпе́невы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да шпяня (у 1 знач.). У шпеневым аддзяленні чыгуналіцейнага цэха, куды спачатку зайшлі піянеры, было крыху цішэй, чым у кузні. Рунец. // У склад якога ўваходзіць шпень (шпяні). Шпеневы трансфарматар.

шпень, шпяня; мн. шпяні, ‑ёў; м.

1. Спец. Стрыжань падоўжанай цыліндрычнай ці чатырохграннай формы на паверхні дэталі, які ўваходзіць у паглыбленне другой дэталі для змацавання. Раніцою шпяні паступалі з перабоямі, давялося бегчы ў .. аддзяленне, званіць у камітэт камсамола — узнімаць бучу. Карпаў. // Завостраны стрыжань для насаджвання чаго‑н. Цяпер .. [Зіна] сядзела за столікам, дзе была раздатачная, і на вострыя, як шыла, шпяні натыкала чэкі, што брала ад афіцыянтак. Грамовіч. // Пра тое, што сваім знешнім выглядам, формай нагадвае такі стрыжань. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе .. выступалі адны толькі парыжэлыя купіны.. ды высокія шпяні алешын. Колас.

2. Частка ліцейнай формы, якая служыць для атрымання ўнутранай поласці адліўкі. На нашым участку мы робім шпяні для адліўкі дэталей аўтамабіляў. «Работніца і сялянка».

шпіг, ‑у, м.

Разм. Прасоленае падскурнае свіное сала (у кавалках). У Віктара засталіся тры сухары і невялікі шкуматок шпігу. Навуменка.

[Польск. szpik ад ням. Speck.]

шпігава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпігаваць.

шпігава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шпігаваць.

2. у знач. прым. Які шпігавалі, падвяргалі шпігаванню. Шпігаванае мяса. Шпігаваная вяндліна.

шпігава́цца, ‑гуецца; незак.

Зал. да шпігаваць.

шпігава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.

1. Утыкаць невялікія кавалачкі шпігу ў спецыяльна зробленыя надрэзы, начыняць што‑н. шпігам. Шпігаваць цяляціну. Шпігаваць зайца.

2. перан. Разм. Заўзята навучаць, паведамляць каму‑н. вялікую колькасць інфармацыі (звычайна неадабральна). На Рышальеўскай сустрэлася домаўласніца, бэйбуса якой паўгода шпігаваў.. [Іван Іванавіч] для гімназіі арыфметыкай і граматыкай. Мехаў.

3. перан. Разм. Многа раз паўтараць што‑н. каму‑н. з мэтай убіць у галаву. Між варожымі групамі часта ўзнікалі спрэчкі. Лявон не прымаў у іх удзелу, а гледзячы на яго, маўчаў і Гардыенка. Ён толькі шпігаваў сваіх ганчакоў, і яны стараліся. Чарнышэвіч. — Давай! Круці! Марудзіш дужа ты! — Шпігуюць [браты] Увесь час шафёра. Корбан.

4. Спец. Абшываць што‑н. ворсам, пянькой. Шпігаваць ветразь. Шпігаваць мату.

шпіга́т, ‑а, М ‑гаце, м.

Спец. Адтуліна ў фальшборце або на палубе судна для выдалення за борт вады.

[Гал. spiegat або spuigat.]

шпіго́ўка, ‑і, ДМ ‑гоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпігаваць.

2. Прыстасаванне для ўтыкання шпігу ў мяса.