Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уціха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уціхаць — уціхнуць.

уціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уціхнуць.

уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.

1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.

2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.

3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.

уці́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцішыць.

уці́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уцішыць.

уці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Уціхамірыць, утаймаваць. Не пераставаў надрывацца ад брэху сабака. — Ды ўціш ты [Пеця] яго, бо схаплю які кол... — узлаваўся Грыша. Місько.

2. Палегчыць або суняць (пра боль, хваробу). Адзін дзед, які і летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся .., не мог уцішыць павольны кашаль... Мележ. Далёка ты яшчэ, далёка, матуля родная мая, і ў горкай долі адзінокай не ўцішыш болю аніяк. Машара. // Суцішыць, супакоіць (пачуцці, перажыванні і пад.). Уцішыць хваляванні. □ І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Колас.

уцэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Страляючы, кідаючы або ўдараючы, папасці ў каго‑, што‑н. Каменне паляцела.. [Эльзе] наўздагон, і адзін камень уцэліў ёй у патыліцу. Чорны. // Паразіць якую‑н. цэль. Па сцягу толькі стралялі, стараючыся ўцэліць у дрэўка, каб перабіць яго і зваліць сцяг на зямлю. Шахавец. // Трапіць у што‑н. (пра бомбы, снарады). На самай ускраіне паляны былі машыны медсанбата, і туды ўцэліла некалькі бомбаў. Сабаленка. // Стукнуць, ударыць па чым‑н. У сківіцу, як жалезам, Мне ўцэліў яго кулак. Нядзведскі.

уцэ́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уцаніць.

уцэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак.; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уцэньваць — уцаніць.

2. Розніца паміж першапачатковай і зніжанай цаной. Сума ўцэнкі складае 5 %.

уцэ́ньвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да уцэньваць.