Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мыць, мыю, мыеш, мые; незак., каго-што.

1. Ачышчаць што‑н. ад гразі, бруду вадой, вадой з мылам ці якой‑н. іншай вадкасцю. Мыць рукі. Мыць дзіця. Мыць бялізну. □ Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу і лаўкі, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

2. Абліваць вадой паверхню чаго‑н.; абмываць. Ляцяць навокал пырскі, І жвавыя кругі Бягуць і мыюць блізкі І дальні берагі. Глебка.

•••

Мыць языкамі — абгаворваць.

Рука руку мые гл. рука.

мыча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мычаць; гукі такога дзеяння. Гудкі цягнікоў змешваліся.. з мычаннем кароў і кудахтаннем курэй. Навуменка.

мыча́ць, мычу, мычыш, мычыць; незак.

Тое, што і мыкаць. Маша сасніла, што праспала статак, што пад акном мычыць Лыска — кліча гаспадыню. Шамякін. [Сяргей:] — Вусаты так набраўся, што і гаварыць не можа, толькі мычыць. Машара.

мыш, ‑ы; мн. мышы, ‑эй; ж.

Невялікі грызун, звычайна шэрага колеру, з вострай мордачкай і доўгім тонкім хвастом. Палявая мыш.

•••

Лятучая мыш — тое, што і кажан.

Гуляць у ката і мыш гл. гуляць.

Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.

Надзьмуцца як мыш на крупы гл. надзьмуцца.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) гл. сядзець.

мышало́ў, ‑лова, м.

Тое, што і лунь (у 1 знач.).

мышало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

Пастка для лоўлі мышэй.

мышаня́ і мышанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня мышы.

мышападо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Падобны чым‑н. на мыш.

2. у знач. наз. мышападо́бныя, ‑ых. Назва сямейства грызуноў, да якога адносяцца мыш і пацук.

мыша́сты, ‑ая, ‑ае.

Такога колеру, як мыш; шэры. Паблізу ганка стаяў прывязаны да слупка ў плоце асядланы мышасты конь. Хадкевіч. Мышастая «Пабеда» ўжо стаяла каля ганка праўлення. Брыль.

мыша́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сорт морквы з кароткім акругленым коранем; карацелька.