Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лёсападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па сваіх уласцівасцях і выгляду на лёс ​2. Лёсападобны суглінак.

лёска, ‑і, ДМ лёсцы; Р мн. ‑сак; ж.

Прымацаваная да вудзільна нітка (валасяная, капронавая і пад.) з рыбалоўным кручком на канцы. Лёска з’яўляецца адной з самых важных, самых адказных частак вуды. Матрунёнак.

лёскат, ‑у, М ‑каце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ляскатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачуўся глухі стук, лёскат каменняў. Самуйлёнак. На паўвоза ці зусім пустыя памчаліся да дарогі павозкі, поўнячы лёскатам наваколле. Хадановіч.

лёстачкі, ‑чак.

Памянш.-ласк. да лёсткі. [Сашка] і лёстачкамі і хітрыкамі хацеў убіцца ў дружбу з Максімам, заваяваць яго давер. Машара.

лёстка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кожная з папярочных планак паміж аглабінамі і ўзгал[а]ўем у драбінах. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў поруч. Чарнышэвіч.

лёсткі, ‑так; адз. лёстка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Ліслівыя словы, усхваленні. П’юць за здароўе, па парадку, усіх прысутных за сталом, а графу лёсткі сцелюць гладка і славяць чуць не каралём. Машара.

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

лётам, прысл.

У выразе: лётам ляцець (лятаць, лётаць) гл. ляцець.

лётанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лётаць.

лётаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і лятаць. Над дарогай лёталі ластаўкі. Шамякін. Будзь пілотам, З самалётам, Як арол, у небе лётай. Колас. Сорак гадоў бабе, а лётае па выстаўках, прэм’ерах ды літаратурных вечарах, як інстытутка. Мехаў.

•••

Летам лётаць — тое, што і лётам ляцець (гл. ляцець).