дзі́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае здзіўленне; незвычайны. Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Колас. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк. «Чу, фыр-р-р!» — пачуўся нейкі дзіўны гук, які нават цяжка перадаць. Ляўданскі.
2. Чароўны, дзівосны. Чуецца музыка дзіўная У повесцях сонных імшараў... Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары. Купала. Косцю думалася, як было б добра, каб Валя была разам з ім у гэту дзіўную месячную ноч, што так мякка ляжала над стэпам. Адамчык.
•••
Дзіва дзіўнае гл. дзіва.
дзіцёнак, ‑нка, м.
Абл. Дзіця (у 1, 2 знач.). — Ды што я цябе вучу, сам галаву маеш, не дзіцёнак. Галавач. Мір — гэта маці, дзіцёнак, Радасць на твары прыгожым. Лось.
дзіця́ і дзіцё, дзіцяці, ДМ дзіцяці, Т дзіцем і дзіцём, н.; мн. дзеці, дзяцей.
1. Малалетні хлопчык або дзяўчынка (ад нараджэння да падлеткавага ўзросту). Выхоўваць дзяцей. Дзеці дашкольнага ўзросту. □ Між вялікіх лазяць дзеці, Так, як мышы між снапоў. Крапіва. Дзіця не заплача — матка не здагадаецца. Прыказка. Дзе многа нянек, там дзіця без носа. Прыказка. // Пра наіўнага, нявопытнага чалавека. — [Паўлік] папаўся ў лапы агіднага чалавека. Ён жа яшчэ дзіця тады быў. Чорны.
2. Сын або дачка (незалежна ад узросту). Матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго. Бядуля. Як сыдземся ўсе на свята — Васьмёра дзяцей дарослых — Становіцца цеснай хата Ад падарункаў розных. Гілевіч. // Дзіцяня ў жывёл, птушак. Жалобна ціўкала нейкая маленькая птушка, мабыць шукала сваіх сябровак ці дзяцей. Шамякін. І сава хваліць сваё дзіця. Прымаўка.
3. чаго. Пра чалавека, які засвоіў характэрныя рысы свайго асяроддзя, эпохі і пад. Дзіця свайго часу. □ Гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга. Маўр. Мы дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны! Дудар.
•••
Горкае (зялёнае) дзіця — пра наіўнага, нявопытнага маладога чалавека.
Не дзяцей хрысціць каму з кім гл. хрысціць.
дзіцяня́ і дзіцянё, дзіцяняці, ДМ дзіцяняці, Т дзіцянём, н.
Тое, што і дзіця (у 1, 2 знач.). Варушыцца Ганна, ціхенька супакойвае дзіцянё і штось ласкава-ласкава гугніць свайму маленькаму сыну. Колас. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.
дзіця́тка, ‑а, н.
Разм. Ласк. да дзіця (у 1, 2 знач.). Марына знае нораў сына — Дзіцятка трэба пакарміць. Колас.
дзіця́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць, паводзіны, учынкі, характэрныя дзецям. Маці — у просценькай сукенцы, бландзінка з далікатнымі рысамі твару і слядамі дзіцячасці ў гэтых рысах. Брыль. У вачах у.. [Евы] ужо не было і следу нядаўняе дзіцячасці — гэта быў позірк сталага чалавека. Палтаран.
дзіця́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дзіцяці (у 1 знач.). Дзіцячы ўзрост. Дзіцячыя хваробы. □ [Лабановіч] устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Колас. [Наста] пазнала ў цемры — гэта ён, Андрэй Саковіч — друг дзіцячых дзён. З. Астапенка. // Які належыць дзіцяці. [Люда] на хаду, не гледзячы, падала .. [Юрку] руку і з нейкай асаблівай, небывалай цеплынёй адчула ў сваёй руцэ дзіцячыя пальчыкі. Брыль.
2. Уласцівы дзіцяці, дзецям. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмень. Лынькоў. // перан. Неўласцівы даросламу, не сталы. Дзіцячыя разважанні. Дзіцячы розум. □ — Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку. Колас.
3. Прызначаны для дзяцей. Дзіцячая літаратура. Дзіцячая каляска. □ «Даведаюся, ці ёсць у дзіцячым вагоне месцы», — рашыла Таня. Даніленка.
•••
Дзіцячая пляцоўка гл. пляцоўка.
Дзіцячы дом гл. дом.
Дзіцячыя яслі гл. яслі.
Дзіцячы лепет гл. лепет.
дзіч, ‑ы, ж.
1. Тое, што і дзічына (у 1 знач.). Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. Колас.
2. Разм. Глухое месца, глуш. У другое месца перабраўся — Яму уважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы, Дзе лес адзін, хмызняк ды поле Ды ветру посвісты па волі. Колас. Я і сягоння адшукаць бы мог Сцяжынкі тыя ў дзічы дрыгвістай. Гілевіч.
дзі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Дзікая, не прышчэпленая груша або яблыня. Люблю сум дзічкі адзінокай, Забытай ў полі пастухамі, Якая горкія ападкі На дол раняе заінелы. Лойка.
2. Плод дзікай ігрушы або яблыні. Маці восенню рассцілае салому і ссыпае грушы-дзічкі, каб улежваліся. Кандрусевіч.