дзекабры́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзекабрыста, дзекабрыстаў. Дзекабрысцкі рух.
дзе́канне, ‑я, н.
Вымаўленне афрыкаты «дзь» на месцы мяккага «д», уласцівае беларускай мове і некаторым дыялектам рускай мовы, напрыклад: дзень, ідзі, людзі; параўн. цеканне.
дзе́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Вымаўляць афрыкату «дзь» на месцы мяккага «д».
дзе́ла, ‑а, н.
Разм.
1. Тое, што і справа. Калі ўжо сонейка прыгрэла, Антось на полі кончыў дзела і выпраг коніка сівога, Свайго памочніка старога. Колас. Вялікі целам, ды малы дзелам. Прыказка.
2. Пра што‑н. карыснае, важнае. — Хамут ладзіш? Дзела. Не гаруй, хлопец, я меншы за цябе без бацькі застаўся, а вось жыву. Асіпенка. — А ён дзела кажа. Купляй тры пары, — весела параіла Клаўдзя. Савіцкі.
•••
Ісці ў дзела гл. ісці.
Пры дзеле — пры занятку, пры рабоце.
Пусціць у дзела гл. пусціць.
дзелаві́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дзелавітага. Камісар стараўся трымаць сябе з такім спакоем і дзелавітасцю, нібы ён сапраўды ўсё можа. Мележ. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.
дзелаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Старанны і ўмелы ў рабоце; дзелавы (у 2 знач.). Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. // Які выражае занятасць справай; сур’ёзны. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч. Аляксею падабалася простая, дзелавітая гутарка падпалкоўніка. Мележ.
дзелавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны з работай, службай, якой‑н. справай. Дзелавая размова. Дзелавая перапіска. Дзелавая паездка. Дзелавыя сувязі. □ Не паспеўшы яшчэ прысесці, .. [інспектар] зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Колас. // Які датычыць сутнасці справы, практычна карысны; істотны. Дзелавая заўвага. Дзелавое абмеркаванне. Дзелавая падтрымка. □ Усе, хто зварочваецца да яе, заўсёды ўпэўнены ў тым, што ад Марусі яны атрымаюць дзелавы адказ. Брыль. Былі і кароткія дзелавыя рэзалюцыі з прапановамі абраць містэра Лаяна .. пажыццёвым старшынёй. Лынькоў.
2. Які ведае сваю справу, сур’ёзна ставіцца да яе. Гофман паказаўся Філістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. // Уласцівы дзелавітаму, занятаму чалавеку. Дзелавыя якасці. □ Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч пачаў дзелавым тонам: — Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. Грахоўскі.
3. Звязаны са справаводствам; які адлюстроўвае дакументы справаводства. Дзелавыя паперы. Канцылярска-дзелавы стыль. // Які спрыяе паспяховаму ходу справы, работы. На заводзе створана дзелавая абстаноўка, творчая атмасфера. «Звязда». Земнюкову прапазіцыю ўхвалілі.., і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой. Зарэцкі.
4. Прыгодны ў якасці матэрыялу для якіх‑н. вырабаў. Дзелавая драўніна.
дзель, ‑і, ж.
1. Частка, доля, выдзеленая каму‑н. для карыстання, апрацоўкі і пад. — Каму гэты? — паказаў пальцам Кісяленка на крайні кусок хлеба. — Першаму, — адказаў Віктар. Марынчук узяў сваю дзель. С. Александровіч. Мацвею тады хутарок дастаўся. Быў якраз такі на яго дзель абрубак зямлі. Лобан.
2. Вынік дзялення аднаго ліку на другі.
дзе́льнік, ‑а, м.
Лік, на які дзеляць другі лік.