бяздзе́йнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць дзейнасці; пасіўнасць. Неспакойная душа [Кірылы Арлоўскага] ніяк не магла пагадзіцца нават з самай малою нерухавасцю, абыякавасцю, бяздзейнасцю. Паслядовіч. — Не цяжкасці палохаюць мяне, а бяздзейнасць! — запярэчыў Асташонак. Ваданосаў.
бяздзе́йнікавы, ‑ая, ‑ае.
У граматыцы — які не мае ў сваім саставе дзейніка; бессуб’ектны. Бяздзейнікавы сказ.
бяздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Не праяўляць дзейнасці; пасіўнічаць. Вярнуцца ў Шумілава і чакаць світання — значыць бяздзейнічаць. Чарнышэвіч. // Не працаваць, знаходзіцца ў стане спакою (пра машыны, прадпрыемствы і пад.).
бяздзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не праяўляе дзейнасці; недастаткова энергічны, пасіўны. Бяздзейны чалавек. // Не звязаны з якой‑н. дзейнасцю або заняткам. Бяздзейнае сядзенне дома. □ Дочкі нават спрабавалі прымірыць бацьку з маці. Але гэта азначала, што яму [Арлоўскаму] трэба было кінуць любімую работу, родныя Мышкавічы, дзе адбываліся вялікія пераўтварэнні, і зноў пачаць бяздзейнае жыццё. Паслядовіч.
бяздзе́тнасць, ‑і, ж.
1. Бясплоднасць, няздольнасць мець дзяцей.
2. Адсутнасць сваіх дзяцей.
бяздзе́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа мець дзяцей, бясплодны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.
2. Які не мае сваіх дзяцей. Смяюха — гэта жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, бяздзетная і замужам ніколі не была. Кулакоўскі.
бяздзе́туха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Разм. Бяздзетная жанчына. Сама Антоля бяздзетуха і старая ўжо, не можа адна даць рады сваёй гаспадарцы. Якімовіч.
бяздо́глядны, ‑ая, ‑ае.
Які расце, жыве без догляду. [Алесь] хацеў бы цяпер быць табе [настаўніцы] удзячным за падарунак яго амаль бяздогляднаму малалецтву. Брыль.
бяздо́казнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бяздоказнага; адсутнасць доказаў; недаказанасць. Бяздоказнасць абвінавачання.
бяздо́казны, ‑ая, ‑ае.
Не падмацаваны доказамі; недаказаны, галаслоўны. Не разумеў я аднаго, чым кіраваўся і што думаў Мятлюг, выступаючы з такой бяздоказнай крытыкай нарыса. Сабаленка.