цыга́нка 1,
гл. цыганы.
цыга́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Сорт позняй яблыні, якая прыносіць буйныя цёмна-чырвоныя яблыкі. У дальнім кутку гарода .. расла кучаравая «цыганка». Даніленка.
2. Плод гэтай яблыні. Да самых замаразкаў вісяць у голлі чырванабокія «цыганкі». Чорны.
цыгано́ў, ‑ова.
Разм. Які належыць цыгану. Цыганоў конь. Цыганова хата.
цыга́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цыганоў, які належыць ім. Цыганская мова. □ Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў.
2. Такі, як у цыганоў. Цыганская натура. Цыганскае жыццё. □ Каранасты, з густой цыганскай чупрынай, Алёша меў падабенства да бацькі. Дуброўскі.
•••
Цыганскі дождж гл. дождж.
цыганчу́к, ‑а, м.
1. Хлопец або падлетак цыганскага паходжання.
2. Смуглы, падобны на цыгана. Іван — вясёлы. Дый прыгожы, як цыганчук які, кучаравы і чарнавокі. Брыль.
цыга́нчын, ‑а.
Разм. Які належыць цыганцы 1. Цыганчыны дзеці. Цыганчына хустка.
цыга́ншчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Стыль рускіх рамансаў і іх выканання, створаны пад уплывам цыганскіх мелодый і цыганскай манеры выканання.
2. Песні, рамансы такога стылю.
цыганы́, ‑оў; адз. цыган, ‑а, м.; цыганка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. цыганкі, ‑нак; ж.
Народнасць індыйскага паходжання, якая жыве часцей за ўсё качавымі і паўкачавымі групамі ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. Цэлымі табарамі, у вялікіх палатняных будках, праязджалі чорныя, асмаленыя сонцам цыганы. Каваль.
цыга́ра, ‑ы, ж.
Туга скручанае ў трубачку для курэння тытунёвае лісце. Выгладжаны і прылізаны, важна сядзіць.. [Скірмунт] у сваім пышным кабінеце за багатым сталом, курыць дарагія цыгары. Колас. Аканом выскачыў куляю з пакояў, а пан закурыў цыгару, сеў у крэсла і пачаў думаць... Чарот.
[Фр. cigare, ням. Zigarre.]
цыгарападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які па форме і выгляду нагадвае цыгару. Непадалёк ад уваходу.. ляжала вялізнае, цыгарападобнае цела ракеты. Гамолка.
цыга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Самаробная папяроса, самакрутка. Марцін выцягнуў з кішэні вышыты капшук, скруціў цыгарку. Мележ. Юрка скручваў цыгарку, насмешліва папракаў прыяцеля. Лынькоў.