пасляабе́дзенны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца пасля абеду. Пасляабедзенны адпачынак. Пасляабедзенная прагулка. □ У пасляабедзенны час у тым самым лесе ехалі дзве сялянскія фурманкі. Чорны. Пасляабедзеннае сонца залаціла.. [дзяўчынцы] каштанавую галоўку сваімі ласкавымі праменямі. М. Ткачоў.
пасляаперацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца пасля аперацыі; прызначаны для хворых пасля аперацыі. Пасляаперацыйны перыяд. Пасляаперацыйная палата.
паслявае́нны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу пасля вайны. Пасляваенны перыяд. □ Я часта прыгадваю далёкую, пасляваенную вясну. Ракітны. Кірыла Пракопавіч расказвае пра першы пасляваенны агульны сход, на якім яго абралі за старшыню. Паслядовіч.
паслядзе́янне, ‑я, н.
Спец. З’ява, якая заключаецца ў тым, што ўздзеянне чаго‑н. выяўляецца не толькі ў момант прымянення, але і ў наступных стадыях. Магнітнае паслядзеянне. Паслядзеянне ўгнаенняў.
паслядо́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паслядоўнага. Паслядоўнасць доказаў. □ Уменне перадаць паслядоўнасць і праўдзівасць перажыванняў дазваляе пісьменніку стварыць паўнакроўны рэалістычны характар без вострых калізій. Каваленка. Успаміны ішлі ўрыўкамі, без усякай паслядоўнасці. Мележ.
паслядо́ўнік, ‑а, м.
Той, хто прытрымліваецца чыіх‑н. поглядаў, якога‑н. вучэння і кіруецца імі ў сваёй дзейнасці; той, хто бярэ прыклад з каго‑н. Паслядоўнікі Аляксея Стаханава. □ Апавяданні Я. Коласа і яго паслядоўнікаў прасякнуты пафасам узвелічэння чалавека працы. Пшыркоў. У Сярмяжкі безліч паслядоўнікаў, свой багаты вопыт ён ахвотна перадае другім. Дадзіёмаў.
паслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які бесперапынна наступае, ідзе адзін за адным. Дынаміка падзей раскрываецца не ў плане іх паслядоўнага паказу, а праз адлюстраванне асобных момантаў, эпізодаў. Дзюбайла.
2. Які заканамерна вынікае з чаго‑н., не заключае ў сабе супярэчнасцей; лагічна абгрунтаваны. Паслядоўныя разважанні, вывады. // Які няўхільна прытрымліваецца пэўных прынцыпаў, поглядаў, кіруецца імі. Паслядоўнае правядзенне ў жыццё ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ У поглядах на ўзаемаадносіны чалавечай асобы і грамадства паэт астаецца паслядоўным дэмакратам. Навуменка.
пасляза́ўтра, прысл.
Праз дзень пасля сягонняшняга дня. Як ні было цяжка сёння, а .. [Зоні] хочацца ісці на гэтую работу заўтра, і паслязаўтра, і кожны дзень. Кулакоўскі. — Надоечы мне Арына Самусёва казала, як сакрэт, што Берагі няйначай думаюць паслязаўтра прыйсці к нам у сваты. Гартны.
пасляза́ўтрашні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Які будзе, адбудзецца паслязаўтра. [Каця] добра пражыла ўчарашні дзень, нядрэнна ідзе сённяшні, яна ведае, які будзе і заўтрашні і паслязаўтрашні. Гаўрылкін.