пасле́дак, ‑дка, м.
Разм.
1. Самае меншае па ўзросту, апошняе дзіця ў сям’і.
2. толькі мн. (пасле́дкі, ‑аў). Рэшткі, астаткі чаго‑н. Нас самавольна земскі карае, Душыць, саджае ў адседкі, Крыўдзіць ураднік, поп абірае, Воласць з нас цягне паследкі. Купала. // перан. Зневаж. Падонкі. [Барушка:] — Ведаем мы такіх абаронцаў народных, і самі з вусамі... Паследкі сабачыя!.. Карпаў.
•••
На (самы) паследак — у апошнюю чаргу; на самы канец.
пасле́пнуць, ‑не; ‑нем, ‑неце, ‑нуць; пр. паслеп, ‑ла; ‑лі; зак.
Аслепнуць — пра ўсіх, многіх.
паслён, ‑у, м.
Травяністая або кустовая расліна сямейства паслёнавых. Чорны паслён. Чорнаягадны паслён.
паслёнавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паслёну. Паслёнавы плод.
2. у знач. наз. паслёнавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных зрослапялёсткавых раслін, да якога адносяцца бульба, памідоры, баклажаны і пад.
паслібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і без дап.
Разм. Слібізаваць некаторы час. — Склады чытаць ты пойдзеш скора, Абы каб літары нам знаць, А на склады ўжо — напляваць. Паслібізуеш і нічога — Не трэба розуму тут многа. Колас.
паслі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Слізгацца некаторы час.
паслізну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Не ўстаяць, не ўтрымацца на слізкім месцы; пакаўзнуцца. [Ганна] паслізнулася і ўпала б, напэўна, але Яўхім спрытна падхапіў яе за локаць. Мележ. У адным месцы наступіў на сям’ю лісічак і паслізнуўся. Чарнышэвіч.
паслі́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паслініць.
паслі́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Змачыць слінай. Паслініць карандаш. □ Пальцы паслініўшы, бабка скубе зноў кудзелю. Скача па току настырнае верацяно. Лойка.
пасло́йны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца асобнымі слаямі, па слаях. Паслойная апрацоўка глебы. Паслойная здабыча торфу.