Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца па словах; які праводзіцца з разліку за кожнае слова. Паслоўны падлік тэксту. Паслоўная аплата тэлеграм.

паслу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.

1. Дзеянне, учынак, які прыносіць карысць, дапамогу каму‑н. Сяброўская паслуга. Прапанаваць свае паслугі. □ І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку. Колас. Сяброўкі хацелі ўхутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч. Кладучыся, .. [Карызна] заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Паслугу ўсе прымаюць, ды часта яе забываюць. Прыказка.

2. толькі мн. (паслу́гі, ‑слуг). Работа, што выконваецца для задавальнення чыіх‑н. патрэб. — Разведчыца з’явілася са сваімі паслугамі да Рыбіна сама. Пестрак. Чалавек для паслуг яму [Ліндэ] быў патрэбны. Бядуля. // Гаспадарча-бытавыя або іншыя выгоды. Камунальныя паслугі. Паслугі бібліятэк.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Да вашых (тваіх) паслуг — выражэнне ветлівасці, якое паказвае гатоўнасць да чаго‑н.

Да яго (нашых, іх і пад.) паслуг — хто (што) можа быць у чыім‑н. распараджэнне.

Мядзведжая паслуга — няўмелая паслуга, якая замест дапамогі прыносіць цяжкасці.

паслугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.

Разм. Слугаваць некаторы час. [Шарахоўскі:] — Не, сыночкі, паравоз яшчэ нам паслугуе. Шынклер.

паслуга́ч, ‑а, м.

1. Уст. Слуга. [Хадакі:] — Ды мы, пане, хоць у паслугачы да д’ябла гатовы ісці, абы агораць капейку тую на білеты. Пальчэўскі.

2. Пагард. Той, хто выслужваецца ў каго‑н.; саўдзельнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Кулакі з ельніцкіх хутароў, стаўшы паслугачамі акупантаў, нарэшце спагналі сваю ашалелую злосць. Вітка.

паслуга́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да паслугач.

паслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Служыць, прыслужваць каму‑н. Макрына ажывілася і як бы памаладзела. Яна завіхалася каля Андрэя і паслугоўвала яму, калі ён, распрануўшыся да пояса, мыўся на дварэ. Дуброўскі.

паслу́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паслужлівага.

паслу́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і услужлівы. Таня таксама старалася рабіць усё так, каб гэтая размова не папсавала яе адносін з Верай і гаспадыняй. Была паслухмянай, паслужлівай і ветлівай. Машара.

паслужны́, ‑ая, ‑ое.

У выразе: паслужны спіс гл. спіс.

паслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.

1. Служыць некаторы час. Ці .. [Клім] добры ляснік, ці дрэнны — хто яго ведае. Хай паслужыць, пабачым. Ермаловіч. «Чаго, Ульянаў, за мяжу не збеглі вы?» — пытаўся суд. «Радзіме смерцю паслужу!» Вялюгін. [Таня:] — Вясёлы такі [шавец]... Усё смяецца, кажа, што цяпер туфлі надоўга паслужаць, танцаў няма... Асіпенка.

2. Стаць, з’явіцца чым‑н.; абумовіць што‑н. Паслужыць асновай. □ [Рэвалюцыйная сітуацыя] паслужыла адной з прычын, якія прымусілі царскі ўрад і памешчыкаў паспяшацца з адменай у Расіі прыгоннага права. Ларчанка.