Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Зак. да слухацца.

паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зак. да слухаць.

2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.

3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.

паслухмя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць паслухмянага; паслухмянства. Міхал не баязлівы, не слабасцю натуры вытлумачвае паэт паслухмянасць, пакорлівасць Міхала, які толькі аднойчы адважыўся агрызнуцца ляснічаму. Навуменка.

паслухмя́нства, ‑а, н.

Беспярэчнае падпарадкаванне каму‑н.; пакорнасць, паслушэнства. Ад .. [Сымона] цяжэй было дабіцца паслухмянства. Усё часцей і часцей ён пачаў знікаць без дазволу. Мікуліч.

паслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які слухаецца каго‑н.; пакорны. Марцінава жонка Анэта была ціхая, паслухмяная жанчына. Бывала, нідзе не пачуеш яе голасу, ні дома, ні на вуліцы. Чарнышэвіч. Пятрок самы паслухмяны ў брыгадзе работнік. Ракітны. А разумны, паслухмяны конь сам і дарогу выбіраў, сам, без падгону, дзе трушком бег, дзе клыпаў памалу. Хомчанка. // Які лёгка падпарадкоўваецца жаданню, волі каго‑н. Не вельмі паслухмяныя пальцы пані Генавефы самаахвярна гоцалі па клавішах. Брыль. І мая паслухмяная настрою памяць адразу ж замест новага дасціпнага паркану ставіць стары частакол. Васілевіч. // перан. Які лёгка прыводзіцца ў дзеянне, лёгка паддаецца апрацоўцы; падатлівы. Майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць, каб станок быў паслухмяны. Шахавец. А скора паслухмяныя машыны святло сваё адсюль дадуць акрузе. Дубоўка.

паслу́шнік, ‑а, м.

Чалавек, які жыве ў манастыры і рыхтуецца стаць манахам; прыслужнік у манастыры. [Лукаш:] — У манастыр аддам, у паслушнікі! Клімковіч.

паслу́шніца, ‑ы, ж.

Жан. да паслушнік.

паслу́шны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паслухмяны. Я быў хлопец паслушны і любіў, калі мяне за гэта хвалілі. Колас. Я адзін, трэці дзень Мне паслушны плугі. Нядзведскі. Іду, мая мара, Паслушны табе — Я ў буднях жыцця сапраўды прытупеў. Чарнушэвіч.

паслушэ́нства, ‑а, н.

Беспярэчнае падпарадкаванне каму‑н.; пакорнасць, паслухмянства. Язэпа трохі дзед павучыць, І памуштруе і памучыць, Бо трэба ж іх [дзяцей] адукаваць і паслушэнству навучаць. Колас. Душа Яўгена Данілавіча адразу памякчэла, калі ён убачыў на шырокім твары Лапыра пакору і паслушэнства. Паслядовіч.

пасля́, прысл. і прыназ.

1. прысл. Потым, пазней некаторага тэрміну. Спачатку гром грымеў у далях і хмарай хмарыўся заход, пасля вятры затанцавалі — то навальніца йшла ў паход. Машара. Ліпкая дрымота агарнула яго [Ракуцьку], а пасля ён і прыснуў трохі. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасля» выражае часавыя адносіны; ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з’яў, услед за якімі, пазней якіх што‑н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года. Чорны. Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Шамякін. Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей па сэрцы. Брыль. // Пазней, па ад’ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго‑н. А пасля дзірваноў, Неўзабаве, па часе — Голад выслаў на вёскі Заклапочаны бог. Броўка. Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора. Скрыган.

•••

Пасля таго, калі (у знач. падпарадкавальнага злучніка); пасля таго, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) гл. той.