паравозабудава́нне, ‑я, н.
Галіна транспартнага машынабудавання, звязаная з вырабам паравозаў.
паравозабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паравозабудавання. Паравозабудаўнічы завод.
паравозазбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зборкі паравозаў. Паравозазборачны цэх.
паравозарамо́нтны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рамонту паравозаў. Паравозарамонтны завод. Паравозарамонтныя майстэрні.
параво́знік, ‑а, м.
Разм. Чыгуначны рабочы, які абслугоўвае паравоз. Трэба быць, напэўна, сапраўды паравознікам, каб ведаць, што адчувае машыніст перад адпраўкай лакаматыва ў рэйс!.. Васілёнак. // Разм. Работнік паравозабудаўнічага завода.
параво́зніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да паравозніка, паравознікаў.
параво́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паравоза. Паравозная будка. Паравозны гудок. Паравозны дым. // Які абслугоўвае паравоз. Паравозны машыніст.
паравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да пары 2. Паравая сіла. // Які прыводзяцца ў дзеянне парай. Паравы рухавік. Паравы млын. Паравая машына. // Які выкарыстоўвае цяпло пары. Паравая ванна. Паравое ацяпленне.
2. Прыгатаваны па пары. Паравая рыба. Паравыя катлеты.
паравыпускны́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які служыць для выпускання пары 2. Паравыпускная труба.
парагата́ць, ‑рагачу, ‑рагочаш, ‑рагоча; зак.
Разм.
1. Рагатаць некаторы час. Яны парагаталі для прыліку, бо кожны ведаў гэты стары анекдот. Васілёнак. [Юзік] парагатаў трошкі і пахмура сціх. Мурашка.
2. Уволю пасмяяцца. Мікалай Разважнік.. вельмі любіў парагатаць з чаго-небудзь смешнага. Чорны.