парабкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Працаваць, быць парабкам. Дома [Клеманс] ніколі не жыў, усё парабкаваў у маёнтках. Чарнышэвіч.
парабко́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парабка. Парабкоўскае жыццё.
парабко́ўства, ‑а, н.
Занятак парабка. Пасля жаніцьбы пайшоў [бацька] да панскага ўпраўляючага Ганса Хрыстафоравіча Мухеля сказаць, што кончылася яго і Луізіна парабкоўства. Грахоўскі. Так і не выйшаў Ігнат з парабкоўства, мусіў гнуцца на пана. Броўка.
парабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм. Праводзіць час, робячы што‑н.; займацца чым‑н. (ужываецца пераважна ў пытальных сказах). [Бруй:] — Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там? Колас. [Надзя:] І што ж вы цяпер парабляеце? Крапіва.
парабча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да парабак.
парабчу́к, ‑а, м.
Разм. Парабак-падлетак. [Зося:] — Дык гэта былы Сегенецкага парабак, парабчук, пастушок. Чорны.
паравадзяны́, ‑ая, ‑ое.
Які складаецца з пары і вады; які дзейнічае пры дапамозе пары і вады. Паравадзяная сумесь. Паравадзяны акумулятар.
парава́ць, ‑руе; незак.
Вылучаць пару. [Сцёпка:] — Вада знаходзіцца ў стане вечнага руху. Ад сонца яна паруе, з пары робяцца хмары, з хмар падае дождж. Колас. Жаўрукі аж заходзіліся над свежай раллёю, якая паравала на сонцы. Сабаленка.
параві́к, ‑а, м.
1. Паравы кацёл, паравы рухавік. У млыне паравік пыхкае круглыя суткі. Шахавец.
2. Разм. уст. Паравоз або поезд з паравозам. Надвечар два паравікі былі гатовы да адыходу са станцыі. Чорны. На «паравіку», як усе тут звалі гарадскі поезд, шмат ужо набралася пасажыраў. Гурскі.
3. Разм. Паравы млын.
параво́з, ‑а, м.
Лакаматыў з паравым рухавіком. У галаве поезда заложна-аднатонна сінеў паравоз. Колас.