Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

папятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Пятляць некаторы час. На ўсякі выпадак [Ядзя] папятляла па руінах, заходзіла ў загрувашчаныя бітай цэглай двары, стаяла, азіралася і зноў пятляла. Новікаў.

папя́цца, ‑пнуся, ‑пнешся, ‑пнецца; ‑пнёмся, ‑пняцеся; зак.

Разм.

1. Напружыць усе сілы, напружыцца. Для таго, каб знадворку адчыніць дзверы чайной, трэба было добра папяцца. Сабаленка. [Варановіч] упёрся нагою ў сцяну, плячом — у каня каля спіны і папяўся. Конь .. пачаў паднімацца. Чорны.

2. перан. Намагчыся зрабіць што‑н.

папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.

1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.

2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.

3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.

папячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся; пр. папёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.

1. Пячыся некаторы час. Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся. Прыказка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спячыся — пра ўсё, многае.

3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Атрымаць пашкоджанні ў выніку ўздзеяння чаго‑н. гарачага, едкага, пякучага — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папякліся дзеці на пляжы. Папяклося лісце на дрэвах.

папячы́цель, ‑я, м.

1. Той, хто ажыццяўляе папячыцельства (у 1 знач.) над кім‑н.

2. У дарэвалюцыйны час — службовая асоба, якая кіравала некаторымі ўстановамі. Пры стале на ўслоне сядзіць папячыцель вучэбнай акругі сенатар Павасільцаў. Ліс.

папячы́цельніца, ‑ы, ж.

Жан. да папячыцель.

папячы́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да папячыцеля. Папячыцельскі савет.

папячы́цельства, ‑а, н.

1. Сістэма мерапрыемстваў па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх і недзеяздольных.

2. У дарэвалюцыйны час — установа для аказання дапамогі каму‑н.

па́ра ​1, ‑ы, ж.

1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.

2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.

3. у знач. прысл. па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.

4. у знач. вык., каму (звычайна з адмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.

5. Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.

6. Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.

•••

Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.

На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім‑н.

па́ра ​2, ‑ы, ж.

Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.

•••

Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.

З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.

Паддаць пары гл. паддаць.

Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).

пара́, ‑ы́; мн. по́ры (з ліч. 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; ж.

1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.

2. у знач. вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.

•••

Без пары — рана, дачасна.

Да гэтай пары — да гэтага часу.

Да пары да часу — пакуль што.

З той пары — з таго часу, моманту.

Каторая пара — вельмі позна.

Не ў пару — не ў час, недарэчы.

У пару — у час, своечасова.

параадво́дны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для адводу пары. Параадводная трубка.