Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

параахаладжа́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыбор для рэгулявання тэмпературы пары.

парабава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад парабаваць.

парабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Абрабаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Раману з сынам, Маркам, не дазволіў уцячы пан. Даў стрэльбу і загадаў застацца ў пустой вёсцы, каб не парабавалі сялянскага набытку ліхія людзі. Караткевіч.

па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.

Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.

пара́бала, ‑ы, ж.

Спец. Лінія перасячэння круглага конуса плоскасцю, паралельнай якой‑н. датычнай плоскасці гэтага конуса.

[Грэч. parabolē.]

парабалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае форму парабалы. Парабалічная арбіта.

2. Які мае форму парабалоіда. Парабалічнае люстра. // Заснаваны на скарыстанні люстра, якое мае форму парабалы. Парабалічны пражэктар.

парабало́ід, ‑а, М ‑дзе, м.

Спец. Паверхня, утвораная рухам парабалы, вяршыня якой слізгаціць па другой нерухомай парабале.

[Ад грэч. parabolē — збліжэнне і éidos — від.]

парабе́лум, ‑а, м.

Від аўтаматычнага скарастрэльнага пісталета. Афіцэр падхапіўся і накіраваў на .. [людзей] парабелум. Шамякін. Патышын сеў за стол і разам з паперамі адсунуў ад сябе на край варанёны парабелум з вішнёвай ручкай. Алешка.

[Ад лац. para bellum — рыхтуйся да вайны.]

парабі́цца, ‑робіцца; ‑робімся, ‑робіцеся, ‑робяцца; зак.

1. Зрабіцца, стаць якім‑н. — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Кідаючы вінтоўкі.., беглі па гародах нямецкія салдаты, і твары іх парабіліся зямліста-шэрымі. Лынькоў. Хлопцы мае пасля гэтага выпадку адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Карпюк.

2. Здарыцца, зрабіцца. [Альжбета:] Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія? Купала. Тут парабілася такое, што і ўявіць сабе страшна. Машара.

парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.

2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.

•••

Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.