Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

парагва́ец,

гл. парагвайцы.

парагва́йка,

гл. парагвайцы.

парагва́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Парагвая, парагвайцаў.

парагва́йцы, ‑аў; адз. парагваец, ‑вайца, м.; парагвайка, ‑і, ДМ ‑вайцы; мн. парагвайкі, ‑ваек; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Парагвая.

параге́незіс, ‑у, м.

Спец. Заканамернае сумеснае знаходжанне ў зямной кары груп мінералаў. Парагенезіс мінералаў. Вучэнне аб парагенезісе.

[Грэч. para — побач і genesis — зараджэнне.]

парагенера́тар, ‑а, м.

Паравы кацёл.

пара́граф, ‑а, м.

Частка тэксту ўнутры раздзела, якая мае самастойнае значэнне і пазначана звычайна знакам § і парадкавым нумарам. Першы параграф. // Сам знак §. // Разм. Правіла, настаўленне, змешчанае ў якім‑н. раздзеле статута, праграмы і пад. На вайне .. [фон Адлер] заўсёды рабіў па-свойму, рэдка прытрымліваючыся непарушных параграфаў статута. Шамякін.

[Лац. paragraphus ад грэч. parāgraphos — знак новага раздзела тэксту.]

пара́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Урачысты агляд войск. Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачыстае шэсце (спартыўных, школьных і пад. арганізацый). Фізкультурны парад.

[Фр. parade.]

пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

пара́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Адчуць радасць, задавальненне. Рука ў хлопца мазолістая, працавітая, сціснуў ён бацькаву так, што Іван Васільевіч, сам чалавек дужы, не беларучка, парадаваўся яго сіле. Шамякін.