пара́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць параднага (у 1 знач.); урачыстасць. Параднасць цырымоніі. □ Як мала ў гэтым раздзеле педагогікі жывой практыкі, жыцця і як многа прапісных ісцін, афіцыйнасці і непатрэбнай параднасці! Шамякін. Гэтая невялікая выстаўка не мае звычайнай выставачнай параднасці. «ЛіМ».
параднёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад парадніць.
пара́днік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і дарадчык.
парадні́цца, ‑раднюся, ‑роднішся, ‑родніцца; зак., з кім-чым.
1. Уступіць у адносіны роднасці з кім‑н. [Гумоўскі] хацеў парадніцца, як яму здавалася, з сапраўднаю шляхецкаю сям’ёю. Броўка.
2. Стаць блізкім па духу, перакананнях і пад. Быццам тут на свет радзіўся, Грышка ўсцешаны і рад: Ён з байцамі парадніўся — кожны быў і друг і брат. А. Александровіч.
парадні́ць, ‑радню, ‑родніш, ‑родніць; зак., каго-што.
1. Стварыць адносіны роднасці паміж кім‑н. Парадніць адну сям’ю з другой.
2. Зблізіць, устанавіць адносіны ўзаемаразумення. Шматвяковая сумесная барацьба рускага, украінскага і беларускага народаў за сваю незалежнасць, за сваю культуру, мову, веру і звычаі парадніла гэтыя народы. «Беларусь». Гэта слова [камунізм] людзей аб’яднала І сардэчна навек парадніла. Хведаровіч.
пара́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да парада, звязаны з парадам. Парадны строй. Парадны марш. // Прызначаны для парада, для ўрачыстых выпадкаў. Парадная форма. □ З рэчавага мяшка.. [Язэп] дастаў пару новенькіх пагонаў, якія яму выдалі ў шпіталі, не палявых, а парадных, а яркімі нашыўкамі. Асіпенка. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі. Колас. // Святочны. Парадны выгляд.
2. Галоўны (пра лесвіцу, уваход і пад.). Парадныя дзверы. □ [Кандрат] не пайшоў з чорнага ўваходу, каб не падумалі, што хаваючыся да Домны ходзіць, пастукаўся ў парадны. Лобан.
парадо́кс, ‑а, м.
Думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу. // Кніжн. Нечаканая з’ява, якая не адпавядае звычайным уяўленням у навуцы. Матэматычны парадокс. Лагічны парадокс. // Разм. Недарэчны збег акалічнасцей, які супярэчыць разумнаму сэнсу. [Зося:] Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію.. А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Шамякін.
[Ад грэч. parádoxos — нечаканы, дзіўны.]
пара́дчык, ‑а, м.
Разм. Тое, што і дарадчык. У .. [Тураўца] было нямала памочнікаў і парадчыкаў. Мележ. [Гаспадыня:] — Ах, Канстанцін Сцяпанавіч, Канстанцін Сцяпанавіч! Не ўказчык я вам і нарадчык, але чую я сваім розумам: навошта вам гэтая служба? Лынькоў.
парадчэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які парадчэў, стаў радчэйшым.