Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

парадзі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да парадзіраваць.

парадзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Падаць (падаваць) у парадыйным выглядзе. Парадзіраваць літаратурны твор. □ Не цяжка заўважыць, як старанна К. Чорны апрацоўваў слова ў сваіх фельетонах, парадзіруючы мову персанажаў. Казека.

парадзі́ха, ‑і, ДМ ‑дзісе, ж.

Жанчына, якая раджае або толькі што нарадзіла дзіця. Міхал падступіўся да парадзіхі і адгарнуў пялюшку. Малое піснула мацней. Лужанін.

пара́дзіцца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак.

1. Папрасіць парады ў каго‑н. Цяпер у Алеся часта з’яўлялася жаданне стрэцца з.. [Калачынскім]. Пагутарыць.., парадзіцца, прызнацца ва ўсім. Чарнышэвіч. Няма каму сказаць шчырага слова, няма з кім нарадзіцца... Зарэцкі.

2. Абмяняцца думкамі, парадамі; параіцца. На папярочцы-сценцы, што аддзяляла загуменні ад папару, хлопцы прыпыніліся парадзіцца, як ісці к лесу. Гартны.

пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.

•••

Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.

парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.

Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.

пара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Разм. Прыводзіць што‑н. у парадак, у належны стан. Цётка Марыся доўга тупала яшчэ, адсюль-адтуль паглядаючы ў акно, што выходзіла на браму. Потым пайшла парадкавацца на кухню. Пальчэўскі.

2. Зал. да парадкаваць.

пара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што і без дап.

Прыводзіць у парадак каго‑, што‑н.; наводзіць парадак дзе‑н., у чым‑н. Маці з урачыстым выглядам парадкавала на стале талеркі і відэльцы. Карпаў. Качагар.. быў на тэндэры, парадкаваў там вугаль. Лынькоў. Антосю таксама хапала працы. Пакуль зямля падсыхала, ён тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне. С. Александровіч.

пара́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Які паказвае месца і паслядоўнасць паводле прынятага парадку лічэння. Парадкавы нумар.

пара́дкам, прысл.

Разм.

1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.

2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.

3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.

парадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, выконваецца па радках, на кожным радку, за кожны радок. Парадковы падлік. Парадковая аплата.