акампанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
Тое, што і акампаніраваць.
акампанеме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
Музычнае суправаджэнне спеваў, дэкламацыі або ігры на інструменце. // перан. З’явы, падзеі, якія суправаджаюць што‑н., ствараюць гукавы фон чаму‑н. Паліцыянты .. балявалі, спявалі і танцавалі пад акампанемент жудасных стогнаў ахвяры. Бядуля.
[Фр. accompagnement.]
акампані́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. акампаніраваць.
акампані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Суправаджаць спевы, дэкламацыю або ігру музычнага інструмента акампанементам. Акампаніраваць хору на баяне.
акампанія́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да акампаніятар.
акамяне́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць акамянелага.
2. звычайна мн. (акамяне́ласці, ‑ей). Акамянелыя рэшткі жывёл або раслін.
акамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў цвёрдым як камень, ператварыўся ў камень. Акамянелы раствор. □ І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў. // перан. Які стаў цвёрды, сухі ад працяглага ляжання. І стаялі счарнелыя печы З пераваранай бульбай, З выкіпеўшай капустай, З акамянелым хлебам. Блатун. Зямля стала зусім акамянелай. Каваль.
2. перан. Які стаў нерухомым, замёр; застылы, аслупянелы. Ваня стаяў акамянелы. Няўжо праўда? Новікаў.
3. перан. Які страціў здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці; абыякавы да ўсяго. На пярэдняй парце, сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая. Шамякін. Пеця стаяў з акамянелым сэрцам, абхапіўшы рукамі худыя плечы маці, і таксама плакаў. Сіняўскі.
акамяне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. акамянець.
акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.
3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.