акаймава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад акаймаваць.
акаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., што.
Абшыць, абкружыць чым‑н. у выглядзе каймы. // Стаць каймою, абкружыць сабою што‑н. Дашчаная агароджа акаймавала нядаўна пусты яшчэ, у грудах руін квартал, і з-за яе відаць ужо цагляная кладка сцен. Хадкевіч.
акаймо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да акаймоўваць.
акаймо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да акаймаваць.
акаймо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Палоска, якая акружае край чаго‑н. Пыл густым пластам укрываў.. твар [Собаля], чорнай акаймоўкай засох у кутках пухлявых пругкіх вуснаў. Паслядовіч.
акалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.
Абабіць калоцячы; абтрэсці. У садзе даспявалі грушы і познія яблыкі, і дзед баяўся, каб хто не залез і не акалаціў іх. Рунец. // Уручную збольшага абмалаціць, абабіць (пра снапы жыта). Увосень за школаю ды за іншымі справамі.. [Рыгор] толькі жыта на насенне акалаціў ды змалоў крыху, і цяпер яго турбавала думка пра малацьбу. Крапіва.
акале́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Змерзлы, моцна азяблы. Акалелыя пальцы. □ Акалелыя да касцей,.. [дзеці] позна вярталіся дамоў, і маці сваімі рукамі, сваім целам сагравала іх, здранцвелых і стомленых, і плакала... Чарнышэвіч.
2. Мёртвы, здохлы (часцей пра жывёлу).
акале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Змерзнуць, моцна азябнуць. — Ты ж акалеў, вунь пальцы якія. — смеючыся казала.. [леснічыха] Сяргею. Шамякін.
2. Памерці (часцей пра жывёлу). — А я думала, ці не акалеў часам! — пакпіла Ганна. — Стаіць, як слуп пры шляху! Мележ.
акале́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад акалечыць.
акале́чаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Стаць калекай. Акалечаў.. [Асядовіч] таму, што не хацеў жыць сумленна і справядліва, а падаўся на злачынную, зладзейскую сцежку. Чорны.