акале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Пашкодзіць які‑н. орган, зрабіўшы траўму; зрабіць калекам. [2‑гі падарожны:] О дзякуй, дзякуй, чалавеча! Я рад спачыну; балазе, К таму сказаць, і акалечыў Свой большы палец на назе. Купала. [Томчак:] — Не бачыце, ці што? Акалечыў чалавека, звяруга, ды збег. Бажко.
ака́ліна, ‑ы, ж.
Вокісел, які ўтвараецца на паверхні распаленага металу пры яго апрацоўцы. Жалезная акаліна. Пах акаліны. □ З кожнай хвілінай.. [жалеза] набывала новыя колеры, адценні: з распалена-белага ператварылася ў малінавае, пасля ў чырвонае, а яшчэ праз хвіліну пацямнела, пакрылася сіняй акалінай. Гамолка.
акалі́чнасны, ‑ая, ‑ае.
Які выконвае ролю акалічнасці (у 3 знач.). Акалічнасны даданы сказ.
акалі́чнасць, ‑і, ж.
1. Падзея, факт, якія суправаджаюць што‑н., могуць уплываць на што‑н.; той або іншы бок справы, падзеі. [Мірон і Віктар] узялі на ўвагу і тую акалічнасць, што дажджы ў нас ідуць з захаду. Маўр. З размоў з Віталевым.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка.
2. пераважна мн. (акалі́чнасці, ‑сцей). Умовы, якія вызначаюць становішча каго‑, чаго-небудзь; абставіны. У момант вялікіх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей ці жыццёвых акалічнасцей людзі і старыя робяцца, як дзеці. Чорны.
3. Даданы член сказа, які ўказвае на час, месца, спосаб дзеяння і пад. Акалічнасць прычыны. Акалічнасць часу. Акалічнасць месца. Акалічнасць спосабу дзеяння.
акалі́чны, ‑ая, ‑ае.
Уст. паэт. Тое, што і навакольны. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-дума за сэрца хапала. Купала. Святочны трэба было выбраць дзень, Каб на аблаву з акалічных сёл Магло сыйсціся як найбольш, людзей. Танк.
акало́дак, ‑дка, м.
1. Падраздзяленне пуцявой дыстанцыі. Засталося атрымаць сталую пасаду дзе-небудзь на лініі, замкнуцца ў вузкія рамкі свайго акалодка. Шынклер.
2. Падраздзяленне паліцэйскага гарадскога ўчастка ў дарэвалюцыйнай Расіі.
3. Уст. Лячэбны пункт пры воінскай часці. [Старшыня:] — Заўтра я павяду ўсіх.. у акалодак рабіць уколы. Каваль.
акало́дачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да акалодка (у 2 знач.). Акалодачнае памяшканне.
2. у знач. наз. акало́дачны, ‑ага, м. Тое, што і акалодачны наглядчык. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: «Калі ты будзеш стаяць па сваім, дык завяду ў акалодак!» Колас.
•••
Акалодачны наглядчык гл. наглядчык.
акало́т, ‑у, М ‑лоце, м.
Жытнія снапы пасля няпоўнага папярэдняга ручнога абмалоту. Да самага поўдня Тарэнта прабыў у гумне. Дамалочваў акалот. Галавач. Хто малаціў снапы пранікам, хто абіваў аб калоду. Увачавідкі расла гара акалоту і буйнага, як пацеркі, зерня. Асіпенка.
акало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад акалаціць.
акало́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да акалочваць.