Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

палахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка палохаецца, баязлівы. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і.. азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка. Асабліва тонка ўспрымаюць.. [вушы пагранічніка] хаду парушальніка, заўсёды дакладна адрозніваючы яе ад бязгрэшнай хады палахлівай сарны. Брыль. // Які выражае нясмеласць, прасякнуты баязлівасцю. Разбуджаны балотны кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку. Чарот.

2. перан. Разм. Мітуслівы, дрыготкі. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Лынькоў. У хаце па кутках заскакалі палахлівыя цені. Сіняўскі.

палахлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Жан. да палахлівец.

пала́ц, ‑а, м.

1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.

2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.

[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]

пала́цавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да палаца (у 1 знач.).

палацёр, ‑а, м.

1. Чалавек, які націрае падлогу (звычайна паркет).

2. Прылада для націрання падлогі. Электрычны палацёр.

палацёрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да націрання падлогі. Палацёрныя работы. // Прызначаны для націрання падлогі. Палацёрная шчотка.

палацёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць палацёру (у 1 знач.), уласцівы яму.

пала́ці, ‑яў; адз. няма.

Уст. Палаткі. Зверху над палком, амаль пад самай столлю, пасланы яшчэ палаці, кароткія, даўжынёй у рост. Галавач. Чысты пакой у Буяна — на старасвецкі манер — з вялізнай печчу і палацямі. Навуменка.

пала́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; зак., што.

Спец. Палажыць латы (у 2 знач.).

пала́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем. Пад разложыстым старым дубам палае вялікі агонь. Пестрак. Палалі вагоны і платформы з цюкалі сена. Карпаў. // Зырка паліцца. Магдалена нясмела і з трывогай адчыніла дзверы з сянец у знаёмую кухеньку. Там палала печ. Чорны. // Павяваць цяплом, жарам. Ах, якая пагода! Ах, пагода якая! Ад усходу да захаду Сонца палае. Танк.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ярка свяціцца. У вітрынах палалі рознакаляровыя агні. Корбан. Палала зарніца над бярэзнікам. Бядуля. // Быць чым‑н. асветленым; свяціцца яркім святлом. Палаў далягляд ад палярнага сонца. Шамякін. А я на Замкавай гары стаю, дзіўлюся, як азёры агнём палаюць на зары. А. Вольскі. // перан. Вылучацца колерам, афарбоўкай (звычайна чырвонай). Востраў, цэлы востраў кустоў барбарысу з чырвонымі ягадамі палаў на сонцы! Хомчанка. Трыбуна! Твой абрус чырвоны Палае сцягам агнявым. Вітка.

3. Станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Літары зліваліся ў адну шэрую пляму, твар палаў, але на душы ў .. [Рыгора] было светла. Ваданосаў.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. пачуццём, быць узбуджаным. Сам.. [Косця] палаў шчасцем і думаў, што шчасцем поўняцца ўсе навокал. Шыцік. Дзяўчынкі так і палалі жаданнем прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Маўр. // Праяўляцца бурна, з вялікай сілай (пра пачуцці). Агонь абурэння ў іх грудзях палаў, Адна толькі песня палёгкай была. Чарнушэвіч. // Выражаць моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праходзіць бурна (пра паўстанне, барацьбу і пад.). Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх, рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін.

пала́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Ачышчаць абмалочанае або абтоўчанае зерне ад мякіны і пылу пры дапамозе маленькіх начовачак.