па́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да палка. // Прадмет у выглядзе ўказкі, якім карыстаецца дырыжор, кіруючы аркестрам. Капельмайстар стаіць перад аркестрам, гатовы ўзмахнуць палачкай. Крапіва.
2. Разм. Перпендыкулярная рыска на пісьме. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі. Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок. Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца. Бядуля.
3. У медыцыне — бактэрыя, падобная па форме на прадаўгаватую рыску; бацыла. Кішэчная палачка. Туберкулёзная палачка.
4. звычайна мн. (па́лачкі, ‑чак). Светлачуллівыя клеткі сятчаткі вока пазваночных жывёл і чалавека, падобныя па форме на прадаўгаватую рыску.
палачкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму палачкі (у 1 знач.). Палачкападобныя бактэрыі.
па́лачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палкі; які робіцца палкай, палкамі. Палачныя ўдары.
2. перан. Заснаваны на пабоях, насіллі, прыгнёце. Палачная дысцыпліна.
пала́ш, ‑а, м.
Халодная зброя, падобная на шаблю, толькі з прамым і шырокім лязом, вострым з абодвух бакоў. Іх везлі стражнікі з аголенымі палашамі, і многія казалі, што хлопцам не мінуць плахі. Гартны.
[Польск. pałasz, ад венг. pallos.]
пала́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑лічыцца; зак.
Лашчыцца некаторы час. [У час нашай размовы] падбег палашчыцца .. сабачка Рыжман. Лужанін. Часам .. [Веры] вельмі хацелася закрыць кнігу, палашчыцца ў цёплых сонечных промнях. Асіпенка.
пала́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Лашчыць некаторы час. Ваўчок сыйшаў з хаты, палашчыў калматага шэрага сабаку на ланцугу.. і пакрочыў галоўнай вуліцай.. у МТС. Хадкевіч.
пала́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад палаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які гарыць яркім полымем. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разляглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў. У памяці Гудовіча выразна паўстаў палаючы Мінск, прывакзальная плошча, на якой яго ўпершыню застала бамбёжка... Пятніцкі.
3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пачырванеў ад прыліву крыві. Палаючы твар.
4. ‑ая, ‑ае; перан.; у знач. прым. Які выражае якое‑н. моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Маўчаў і Валодзя. Маўчанне і палаючыя вочы яго лепш за ўсякія словы казалі, што ён не будзе сядзець склаўшы рукі. «Звязда».
5. Дзеепрысл. незак. ад палаць.
пала́яцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пасварыцца з кім‑н. У мяне выспявала жаданне палаяцца і з Нінай, і з Журко, і з усім светам. Савіцкі. [Даўэр] паспеў палаяцца ўжо з камандзірам інжынернай часці, які назваў Даўэра вар’ятам за яго псіхалагічныя эксперыменты. Шахавец.
2. Лаяцца некаторы час. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, [жанчыны] разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая — у другі. Колас.
пала́яць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Лаяць на працягу некаторага часу. Ну і сварак жа было, ну і палаялі ж .. мяне [жанчыны]. Галавач. — Ну, я на .. [зяця] крыху пасваруся, крыху палаю. Васілевіч.
2. Аблаяць каго‑н. — Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.
палга́ць, ‑лгу, ‑лжэш, ‑лжэ; ‑лжом, ‑лжаце; зак.
Ілгаць некаторы час; пахлусіць.