паласа́цік, ‑а, м.
Род буйных кітоў з падоўжнымі складкамі на скуры горла і жывата.
паласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Выцягваю з кішэні 140 франкаў і аддаю правадніку. Паязны служка адразу паласкавеў. Філімонаў.
паласка́льніца, ‑ы, ж.
У чайным сервізе — пасудзіна для апалосквання пасуды.
паласка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для паласкання. Паласкальная міска.
паласка́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. паласкаць (у 1, 2 знач.).
2. Лекавая вадкасць (настой, раствор і пад.), якой палошчуць рот, горла.
паласка́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паласкаць (у 1, 2 знач.).
паласка́цца, палашчуся, палошчашся, палошчацца; незак.
1. Купацца, мыцца шумна, пырскаючыся. Дзеці ўвесь дзень палошчуцца ў рацэ. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае, узмахваючы крыламі (пра птушак). [Куры] паласкаліся ў пяску, у градах, у крапіве, ля плота... Пестрак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Калыхацца, удараючыся аб што‑н. з плёскатам. Палошчуцца хвалі аб каменны мол, і яхта на хвалях — як лялька. Дудар.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапятацца на ветры. Кавалак.. брызенту, нібы на развітанне былым спадарожнікам Міхася, доўга яшчэ мігатліва паласкаўся над кузавам. Б. Стральцоў. Побач з брыгадай палошчацца на ветры палатно чырвонага сцяга. Галавач.
4. Зал. да паласкаць (у 1, 2 знач.).
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
паласку́н, ‑а, м.
Драпежная млекакормячая жывёліна роду янотаў; звычайны янот.
паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.
2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.
3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.