цука́т, ‑у, М ‑каце, м.
Зацукраваны плод, зацукраваная скурка плода (лімона, апельсіна, дыні і пад.). У выхадны дзень няня прынесла ёй пісьмо і перадачу ад маці — слоік слівавага кампоту, цукатаў, халвы, якую Лёдзя вельмі любіла. Карпаў.
[Польск. cykata з іт.]
цука́тны, ‑ая, ‑ае.
Прыгатаваны з цукатаў, з цукатамі. Цукатны торт.
цуке́рак, ‑рка, м.
Разм. Тое, што і цукерка. Потым [мужчына] наставіўся на аднаго хлопчыка, з тых самых дзяцей, што ў зале гулялі, і цукеркам яго падманіў. Ракітны.
цуке́рачнік, ‑а, м.
Кандытар, які вырабляе цукеркі; рабочы цукерачнай фабрыкі.
цуке́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цукеркі. Цукерачная абгортка. □ Любіў яшчэ Жэня хадзіць на цукерачную фабрыку «Рэнэме», якая калісьці вырабляла розныя прысмакі для царскага двара. С. Александровіч.
цуке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Салодкі кандытарскі выраб у выглядзе плітачкі, шарыка і пад. Шакаладныя цукеркі. Мятныя цукеркі. □ Сват хадзіў з рэшатам, абдзяляў гасцей цукеркамі і збіраў падарункі маладым. Васілевіч. // перан. Разм. Пра каго‑, што‑н., падобнае на такі выраб; пра нешта саладжавае. [Надзя:] — А хіба вы, Мірон Іванавіч, хацелі б бачыць мяне такой салодкай, як Любка? Тая сапраўды на цукерку ператварылася. Лынькоў.
цуко́ра, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і цыкорыя. Мінаюць [палонныя] аблогу, густа запалоненую цукорай і лебядой, і паварочваюць да маладога ляска. Хомчанка.
цуко́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да цукоры; прыгатаваны з цукоры, з цукорай. Цукорны напітак. Цукорная кава.
цукрава́нне, ‑я, н.
Утварэнне цукру, цукрыстых рэчываў у чым‑н. Цукраванне крухмалу. Цукраванне соладу.