іспы́т, ‑у, М ‑пыце, м.
1. звычайна мн. (іспы́ты, ‑аў). Праверка ведаў; экзамен. Здаваць іспыты. Прымаць іспыты. □ Гады яе [Васіліны] вучобы і для Іллюка не прайшлі дарэмна: ён шмат чытаў, вучыўся на курсах брыгадзіраў-паляводаў, здаў іспыты на шафера. Хадкевіч.
2. перан. Выпрабаванне, праверка. Гэта так, дарагая! Разлука, дарога — Для кахання суровы іспыт. Ліхадзіеўскі. Кожны дзень быў суровым іспытам. Лынькоў.
істо́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў. — Ці гэта ж будыніна? Гэта ж, выбачайце, істопка, у ёй хіба бульбу хаваць, а ні ваеннымі справамі займацца. Лынькоў.
істо́та, ‑ы, ДМ ‑тоце. ж.
Жывы арганізм; чалавек або жывёліна. Навокал быў зусім невялікі свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль. Выявілася, што гэта істота ёсць жанчына, ды яшчэ маладая і прыгожая. Чорны. // (з азначэннем). Чалавек, жывёліна як носьбіт пэўнай уласцівасці, якасці. Часта выяўлялася.. непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас. // (звычайна з займ. «уся»). Ужываецца для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцей чалавека. Хацелася нечага большага, важнейшага, такога, што б магло захапіць усю істоту. Кулакоўскі.
істо́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць істотнага; значнасць, важнасць. Горка маці ад усведамлення істотнасці гэтай трывогі. Ды ці адной ёй горка!.. Лось.
істо́тны, ‑ая, ‑ае.
Які складае сутнасць або датычыцца сутнасці чаго‑н.; значны, важны, асноўны. Істотны недахоп. Істотная розніца. Істотны ўклад у навуку. □ Кастрычніцкія дні 1917 года ў былой Расіі зрабілі вельмі істотную папраўку да гісторыі грамадства. Галавач. Мова героя — адзін з істотных сродкаў раскрыцця і выяўлення яго ўнутранага свету. Барсток.
істу́жачны і сту́жачны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і істужкавы.
істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.
1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.
2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.
3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.
4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.
•••
Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.
Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.
істу́жкавы і сту́жкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да істужкі (у 1 знач.). Істужкавая фабрыка. // Прызначаны для вырабу істужак. Істужкавыя машыны. // Зроблены з істужкі. Істужкавыя банцікі.
2. Які мае выгляд, форму істужкі, вузкі і доўгі. Істужкавыя чэрві. Істужкавыя расліны. Істужкавыя рыбы.
3. З рухомым палатном, лентай, пасам (пра розныя прыстасаванне механізмы). Істужкавы транспарцёр. □ У цэху — самы разгар работы. Ужо безупынна стракацяць стужкавыя пілы. Мыслівец.
істужкападо́бны і стужкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму істужкі. Істужкападобнае лісце.
істэ́рык, ‑а, м.
Разм. Той, хто хварэе на істэрыю.