ідэ́йка, ‑і, ДМ ідэйцы; Р мн. ідэек; ж.
Разм. Памянш. і зніж. да ідэя (у 2, 3 знач.).
ідэ́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ідэйнага (у 3 знач.); прасякнутасць перадавымі ідэямі; ідэйная пераконанасць, упэўненасць. Рэвалюцыйная ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Камуністычная ідэйнасць. Высокая ідэйнасць савецкага мастацтва.
ідэ́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ідэі (у 1 знач.); ідэалагічны. Павышэнне ідэйнага ўзроўню. Ідэйная зброя. Ідэйнае выхавання Ідэйная барацьба.
2. Які мае адносіны да ідэі (у 4 знач.); вырашае асноўную думку чаго‑н. Ідэйны сэнс верша. Ідэйны змест рамана. Ідэйная накіраванасць твора.
3. Прасякнуты перадавымі ідэямі, заснаваны на іх. Ідэйны твор. // Які кіруецца перадавымі ідэямі, абараняе іх. — Я цаню не грошы, а ідэйнага чалавека. Баранавых.
ідэнтыфікава́цца, ‑куецца.
Кніжн.
1. зак. і незак. Атаясаміцца (атаясамлівацца); стаць (станавіцца) раўназначным.
2. незак. Зал. да ідэнтыфікаваць.
ідэнтыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.
Кніжн. Атаясаміць (атаясамліваць); зрабіць (рабіць) аднолькавым, раўназначным каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н.
[Ад лац. identificare.]
ідэнтыфіка́цыя, ‑і, ж.
Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ідэнтыфікаваць; атаясамліваць.
ідэнты́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Аднолькавасць, раўназначнасць. Ідэнтычнасць думак.
ідэнты́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Такі самы, аднолькавы, раўназначны. Ідэнтычныя ўмовы. Ідэнтычныя па значэннях словы. □ Народ і нацыя. Мы рэдка задумваемся над тым, што гэта катэгорыі далёка не ідэнтычныя. Бярозкін.
[Ад лац. identicus.]
ідэо́лаг, ‑а, м.
Прыхільнік, абаронца ідэалогіі якога‑н. грамадскага класа, групы, напрамку. Ідэолаг рэвалюцыйнага пралетарыяту.
ідэ́я, ‑і; Р мн. ідэй; ж.
1. Паняцце, уяўленне, якое праўдзіва або памылкова адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і вырашае яго адносіны да навакольнага свету. Свет ідэй. □ Людзі з’яўляюцца вытворцамі сваіх уяўленняў, ідэй і т. д., — але гутарка ідзе аб сапраўдных, дзеючых людзях, абумоўленых пэўным развіццём іх прадукцыйных сіл і — адпавядаючымі гэтаму развіццю — зносінамі, аж да іх самых далёкіх форм. Маркс і Энгельс.
2. Галоўны істотны прынцып светапогляду. Ідэі марксізма-ленінізма. □ — Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Колас.
3. Думка, задума. Ажыццявіць ідэю. Падаць ідэю. □ — Мая ідэя так і засталася б ідэяй, каб не вашы даследаванні. Адных ідэй мала. Галавач. Цяпер .. [Максіма Сцяпанавіча] і Веру Антонаўну апанавала ідэя — прыбудаваць веранду. Карпаў. — А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч, — давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал... — А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч. Колас.
4. Асноўная, галоўная думка твора, творчасці і пад. Кампазіцыя падпарадкавана асноўнай ідэі апавядання. Ідэя верша. □ Уся яго [Купалы] творчасць прасякнута ідэяй служэння народу, сцверджаннем правоў працоўнага чалавека. Івашын.
[Ад грэч. idea — вобраз, паняцце, ўяўленне.]