ідэ́я, ‑і; Р мн. ідэй; ж.
1. Паняцце, уяўленне, якое праўдзіва або памылкова адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і вырашае яго адносіны да навакольнага свету. Свет ідэй. □ Людзі з’яўляюцца вытворцамі сваіх уяўленняў, ідэй і т. д., — але гутарка ідзе аб сапраўдных, дзеючых людзях, абумоўленых пэўным развіццём іх прадукцыйных сіл і — адпавядаючымі гэтаму развіццю — зносінамі, аж да іх самых далёкіх форм. Маркс і Энгельс.
2. Галоўны істотны прынцып светапогляду. Ідэі марксізма-ленінізма. □ — Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Колас.
3. Думка, задума. Ажыццявіць ідэю. Падаць ідэю. □ — Мая ідэя так і засталася б ідэяй, каб не вашы даследаванні. Адных ідэй мала. Галавач. Цяпер .. [Максіма Сцяпанавіча] і Веру Антонаўну апанавала ідэя — прыбудаваць веранду. Карпаў. — А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч, — давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал... — А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч. Колас.
4. Асноўная, галоўная думка твора, творчасці і пад. Кампазіцыя падпарадкавана асноўнай ідэі апавядання. Ідэя верша. □ Уся яго [Купалы] творчасць прасякнута ідэяй служэння народу, сцверджаннем правоў працоўнага чалавека. Івашын.
[Ад грэч. idea — вобраз, паняцце, ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)