уніве́рсум, ‑у, м.
Філасофскі тэрмін, які абазначае «усё існуючае», «сусвет як цэлае».
[Лац. universum — сусвет.]
уніжа́льнасць, ‑і, ж.
1. Спец. Уласцівасць уніжальнага (у 1 знач.).
2. Уласцівасць уніжальнага (у 2 знач.).
уніжа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. У граматыцы — які мае або надае адценне зняважлівасці, пагардлівасці. Уніжальны суфікс.
2. Зневажальны для чыёй‑н. годнасці. Уніжальныя адносіны.
уні́жанасць, ‑і, ж.
Стан уніжанага (у 2, 3 знач.).
уні́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад унізіць.
2. у знач. прым. Такі, якога ўнізілі, зганьбілі; прыгнечаны горам, бядою.
3. у знач. прым. Які выражае ўніжэнне, сведчыць аб уніжэнні.
уніжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да унізіцца.
2. Зал. да уніжаць.
уніжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да унізіць.
уніжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уніжаць — унізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. уніжацца — унізіцца. І расказваў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жаўнерамі, пра іх насмешкі і здзек. Колас. Калі чалавек заскарузне ў сваіх звычках.., дык ужо вельмі цяжка яго перайначваць. Усякая спроба змяніць натуру такога чалавека ў лепшы бок успрымаецца ім як уніжэнне яго асобы. Дуброўскі.
2. Тое, што прыніжае, зневажае чалавека, яго годнасць. Тое, што .. [Яраш] вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай. Шамякін.
уні́з, прысл.
1. У напрамку да нізу, да чаго‑н., што знаходзіцца ў ніжняй частцы, у глыбіні чаго‑н.; проціл. уверх. І балота здалося б нейкім незнаёмым, не сваім, каб наперадзе не адкрывалася вачам высокая града, з якой збягалі ўніз канцавыя хаты Гусараўкі. Ракітны. Леў Раманавіч, чапляючыся за кусты, пачаў спускацца ўніз. Асіпенка. Жанчына падышла к ганку, ступіла на аполачак, пакладзены сукамі ўніз. Кулакоўскі. З пагорка ўніз, у бок даліны, Збягае сцежка між кустоў. Колас. / у перан. ужыв. [Жэня:] Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам. Брыль.
2. У напрамку да вусця ракі. Праплываюць белыя пялёсткі [чаромхі], якія ападаюць дзесьці ў вярхоўі ракі. Некаторыя з іх заплываюць у маю завоінку, павольна круцяцца вакол паплаўкоў, потым трапляюць на струмень і таропка ўносяцца плынню ўніз. Ігнаценка. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Уніз па Дняпры перапраўляліся войскі польска-літоўскага гетмана Радзівіла. «Маладосць».
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
уні́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. да унізаць.