уніз, прысл.

1. У напрамку да нізу, да чаго‑н., што знаходзіцца ў ніжняй частцы, у глыбіні чаго‑н.; проціл. уверх. І балота здалося б нейкім незнаёмым, не сваім, каб наперадзе не адкрывалася вачам высокая града, з якой збягалі ўніз канцавыя хаты Гусараўкі. Ракітны. Леў Раманавіч, чапляючыся за кусты, пачаў спускацца ўніз. Асіпенка. Жанчына падышла к ганку, ступіла на аполачак, пакладзены сукамі ўніз. Кулакоўскі. З пагорка ўніз, у бок даліны, Збягае сцежка між кустоў. Колас. / у перан. ужыв. [Жэня:] Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам. Брыль.

2. У напрамку да вусця ракі. Праплываюць белыя пялёсткі [чаромхі], якія ападаюць дзесьці ў вярхоўі ракі. Некаторыя з іх заплываюць у маю завоінку, павольна круцяцца вакол паплаўкоў, потым трапляюць на струмень і таропка ўносяцца плынню ўніз. Ігнаценка. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Уніз па Дняпры перапраўляліся войскі польска-літоўскага гетмана Радзівіла. «Маладосць».

•••

Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)