Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каму-чаму.

1. Выказваць удзячнасць, падзяку. Дзякаваць сябрам за паслугу. □ [Старшыня] дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.

2. інф. Разм. Тое, што і дзякуй (у 1 знач.). Мікола моцна паціснуў руку старому машыністу: — Дзякаваць табе. Краўчанка. Паляцелі б з калгаса і Ёсіп, і Макар сёння ж, прыйшлося б развітацца і з прысядзібнымі, але, дзякаваць, Глеб Іванавіч стрымаў напор. Дуброўскі.

•••

Дзякаваць богу — тое, што і дзякуй богу (гл. дзякуй).

дзякло́, ‑а, н.

Гіст. Від прадуктовай феадальнай рэнты за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у Вялікім княстве Літоўскім.

дзяко́віч, ‑а, м.

Разм. Дзякоў сын.

дзяко́ў, ‑ова.

Які належыць дзяку. Дзякова сяліба.

дзяко́ўна, ‑ы, ж.

Разм. Дзякова дачка.

дзяко́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць дзяку, уласцівы дзяку. Вопратка на .. [Гарасіме] была не то папоўская, не то дзякоўская. Чарнышэвіч.

дзяко́ўства, ‑а, н.

Разм. Званне, пасада дзяка.

дзя́куй,

1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.

2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.

•••

Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.

Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.

За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).

дзя́куючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад дзякаваць.

2. прыназ. з Д. З прычыны, з-за, з дапамогай. Дзякуючы святу .. ён да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць. Крапіва. Дзякуючы камсамольцам удалося дастаць супрацьтанкавую гарматку. Брыль. Сухаваты твар [Андрэя Міхайлавіча] меў энергічны выгляд дзякуючы дзвюм рэзкім маршчынам, што ляглі ад носа да кутоў падціснутых вуснаў. Самуйлёнак.

дзяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. дзяліць (у 1 знач.) і дзяліцца (у 1 знач.). // Спец. Працэс бясполага размнажэння клетак у жывёл і раслін. Дзяленне клеткі.

2. Матэматычнае дзеянне, шляхам якога пазнаецца, у колькі разоў адна велічыня большая за другую. Дзяленне дробаў.

3. Адлегласць паміж рыскамі на вымяральнай шкале, а таксама самі гэтыя рыскі. [Іван Кузьміч] перавёў рычаг убок на адно дзяленне — зменшыў падачу паветра. М. Ткачоў. Чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.