гнілу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Абломак гнілога, спарахнелага дрэва; гніляк (у 1 знач.). Адчыніў [Міхалка] стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам, насыпаў у дымар сухіх гнілушак і падпаліў іх, надзеў сетку. Якімовіч.
2. Гнілая, ляжалая груша. Самотныя пчолы лёталі, кружыліся вакол спелых ігруш-гнілушак. Лынькоў.
гнілы́, ‑ая, ‑ое; ‑а.
1. Разбураны гніеннем; стары, збуцвелы, спарахнелы. Гнілое бервяно. Гнілы пень. Гнілыя яблыкі. □ Гнілая шалёўка не трымалася на цвіках і сыпалася ўніз спарахнелымі кавалкамі. Чорны. // Застаялы, затхлы (пра ваду, паветра і пад.). Гнілая вада. Гнілы пах. □ Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях: пераправа праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны. Самуйлёнак. // перан. Хваравіты, слабы (пра чалавека). Хоць дзіцятка гніла, але бацьку міла. Прыказка.
2. Сыры, дажджлівы. Пагарэльцы спяшаліся закончыць будоўлю, пакуль надыдзе гнілая зімовая непагадзь. Самуйлёнак.
3. перан. Састарэлы, непрыгодны, нездаровы. Гнілая тэорыя. □ Рукой пралетарскаю смелай Гнілы стары лад зруйнаваны. Купала. // у знач. наз. гніло́е, ‑ога, н. Аджытае, непрыгоднае. Мы скінеш з дарогі астаткі гнілога. Колас.
гніль, ‑і, ж.
1. Што‑н. гнілое, сапсаванае гніеннем. Выразаць гніль у яблыку. □ Марыля ўлезла ў яму, наскрэбла .. кошык гразі з бульбяной гніллю. Брыль. // Гнілы пах, затхлае паветра. У падвале было цёмна, пахла гніллю. Новікаў. // перан. Пра што‑н. састарэлае, непрыгоднае, нездаровае. Гніль старога свету.
2. Цвіль, грыбок. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў.
3. Назва многіх грыбковых або бактэрыяльных хвароб у раслін. Чорная гніль морквы. Мокрая гніль бульбы.
гніля́к, ‑а, м.
1. Кусок гнілога, спарахнелага дрэва. Пень трэба .. узяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк. Пташнікаў. Старыя хрыплівыя ўздыханні напамінаюць гуд пілы, якая рэжа мяккі гніляк. Бядуля.
2. перан. Пра хваравітага, слабага чалавека. Не падобна гэта на Андрэя — даць па зубах, тым больш таму старому гніляку, пра якога ён збіраецца расказаць. Брыль.
гні́сці і гніць, гнію, гніеш, гніе; пр. гніў, ‑ла, ‑ло; незак.
1. Разбурацца, станавіцца гнілым ад дзеяння мікраарганізмаў. Гніць у зямлі. □ На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі. [Леўчык] ніколі добра не з’еў, не знасіў добрай адзежыны, а ў самога свіран дабра гніе. Чарнышэвіч. // перан. Занепадаць, разлагацца. Сацыялістычная сістэма развіваецца, капіталістычная — гніе.
2. перан. Цярпець гора, мукі; гібець. Гніць у турме. Гніць у акопах.
гніццё, ‑я, н.
Разм. Тое, што і гніенне.
гноевыдзяле́нне, ‑я, н.
Выдзяленне гною (у 2 знач.).
гноевыдзяля́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гноевыдзялення. Гноевыдзяляльны працэс.
гноепагру́зчык, ‑а, м.
Машына для пагрузкі гною.