ава́ры, ‑аў; адз. авар, ‑а, м.
Цюркскія плямёны, якія ўварваліся ў 6 ст. ў прыдунайскія землі і ўтварылі там самастойную дзяржаву, што праіснавала да пачатку 10 ст.
авары́йнасць, ‑і, ж.
Наяўнасць аварый. Барацьба з аварыйнасцю. □ Аварыйнасць і няшчасныя выпадкі выклікаюцца грубымі парушэннямі правіл бяспекі руху. «Звязда».
авары́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да аварыі. Аварыйны сігнал. Аварыйная сітуацыя. // Які выкарыстоўваецца ў самых пільных выпадках. Твар зампаліта быў белы як палатно. Відно было, што яму не хапала паветра, бо ён адкручваў аварыйны кран кіслароднага прыбора. Алешка. // Прызначаны для ліквідацыі аварыі. Хлопцы ведалі, што на ветцы стаіць аварыйны цягнік, цягнік-электрастанцыя. Лынькоў.
авары́йшчык, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто нясе аварыйную службу, ліквідуе аварыі.
2. Нядбайны рабочы, які дапускае аварыі.
ава́рыя, ‑і, ж.
Пашкоджанне якога‑н. механізма, машыны і пад. у час дзеяння, руху. Для папярэджання аварый суднаў небяспечныя месцы абслугоўваюцца гукавой сігналізацыяй. □ Здарылася аварыя, дык без яго, галоўнага механіка, нічога там зрабіць не могуць. Сабаленка. // перан. Разм. Няўдача, нечаканае парушэнне чаго‑н. у ходзе якой‑н. справы; няшчасце. — Ну, якая ў цябе аварыя? — прысеўшы за стол, са здзіўленнем запытаўся Кругляк. Грамовіч.
[Іт. avaria.]
аваско́п, ‑а, м.
Прыбор для вызначэння свежасці яец шляхам іх прасвечвання.
[Лац. ovum — яйцо і грэч. skopéō — гляджу.]
ава́цыя, ‑і, ж.
Калектыўнае выказванне працяглымі воплескамі, радаснымі воклічамі (звычайна на тэатральных пастаноўках, мітынгах) адабрэння чаго‑н., захаплення чым‑н. Гучнай авацыяй і крыкам «ура» пакрылася прамова камандзіра. Каваль. Грыміць авацыя у зале — Нібы прыбой магутны б’е. Гілевіч.
[Лац. ovatio — радасць, весялосць.]
авеню́, нескл., н.
У Францыі, Англіі, ЗША і некаторых іншых краінах — шырокая з прысадамі вуліца. Чорная ноч над Амерыкай. Гул паліцэйскіх сірэнаў На ўсіх авеню і стрытах, На ўсіх скрыжаваннях, шляхах. Танк.
[Фр. avenue.]
аве́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Свойская жвачная жывёліна, якая дае воўну, мяса, малако; самка барана. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Колас. // перан. Лаянк. Пра някемлівага дурнаватага чалавека. — А як у нас слаўна было. Добра жылі. Мірна, па-людску... Дык прывалаклася ж сюды гэтая... паршывая авечка!.. Ракітны.
•••
Каракулевая авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.
Блудная (аблудная) авечка — пра чалавека, які адарваўся, адбіўся ад свайго асяроддзя, грамадства, сям’і і інш., які збіўся з правільная жыццёвага шляху. [Раіса:] — Ну што я магу зрабіць, калі я такая блудная авечка? Лобан.
Божая авечка — пра набожнага, богабаязнага чалавека. [Сіман:] Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця ў чым ты, божая авечка, тут павінна. Клімковіч.
Прыкідвацца авечкай гл. прыкідвацца.
авечкагадо́вец, ‑доўца, м.
Той, хто займаецца авечкагадоўляй.